- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Спартыўна-патрыятычная акцыя “За моцную Беларусь”

 

Вучні 10-11-х класаў сярэдняй школы № 2 г. п. Карэлічы прынялі ўдзел у спартыўна-патрыятычнай акцыі, якая была арганізавана ў рамках праекта “За моцную Беларусь”.

Перад старшакласнікамі выступіў майстар спорту па паўэрліфцінгу Сяргей Заслаўскі, які з’яўляецца чатырохкратным рэкардсменам свету ў сілавых відах спорту па версіі Кнігі рэкордаў Гінэса і Кнігі рэкордаў Расіі, краін СНД і Балтыі “Дзіва”, афіцыяльным прадстаўніком стрытліфцінгу ў Рэспубліцы Беларусь.

Атлет расказаў дзецям, што для заняткаў спортам не абавязкова мець вялікія грошы, а дастаткова толькі жадання, каб зрабіць першы крок да здаровага ладу жыцця, каб стаць крыху лепш. Сяргей прадэманстраваў складаныя атлетычныя практыкаванні, падрабязна расказаў і паказаў відэафрагменты сваіх выступленняў. Вучні даведаліся, што спартсмен мае грандыёзныя планы: стаць 20-кратным рэкардсменам, каб яго фігуру адлілі з золата і выставілі ў зале славы Гінэса, і такім чынам праславіць родную краіну.

У адкрытай размове вучні змаглі задаць усе пытанні, якія іх цікавілі, а таксама прадэманстраваць свае спартыўныя магчымасці. І гэта быў напэўна самы цікавы момант сустрэчы, калі самыя смелыя рабяты змаглі вытрымаць іспыт на трываласць у адцісканнях ад полу.

Сяргей Заслаўскі ўпэўнены, што моладзь – будучае краіны. І вельмі важна, каб юнакі і дзяўчаты былі моцнымі і здаровымі.

 

Жанна СВІРЫД
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 2 г. п. Карэлічы

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий