Падарожжа ў Полацк

- 13:47ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Шмат расказана настаўнікамі, прачытана ў кнігах пра Полацк. А ўбачыць увачавідкі – іншая справа. У гэтым упэўніліся вучні 6–10-х класаў Навагрудскай спецшколы-інтэрната падчас вандроўкі ў старажытны горад.

Шлях з Навагрудка да Полацка пралягаў праз такія значныя для Беларусі месцы, як Хатынь, Дальва, Бягомль.

Хатынь і Дальва – беларускія вёскі, вынішчаныя фашысцкімі акупантамі разам з людзьмі, усталі з руін вечнай памяццю непакорным. Тут цяжка стрымаць слёзы, калі чытаеш надпісы на мемарыяльных плітах і слухаеш звон калакалоў.

У Бягомлі падчас Вялікай Айчыннай вайны дзейнічаў партызанскі аэрадром, які звязваў рэгіён з Вялікай зямлёй. Сёння самалёт-помнік у цэнтры гарадскога пасёлка служыць напамінам пра падзеі больш чым паўвекавой даўніны, якія адбываліся ў гэтым краі.

Тэма Вялікай Айчынная вайны – трагічная частка гісторыі Беларусі, але пра яе павінен памятаць кожны, каб не паўтарыліся тыя жахлівыя падзеі.

Полацк сустрэў падарожнікаў ласкавым сонцам і лагодным плёскатам хваляў Заходняй Дзвіны. На беразе гэтай паўнаводнай ракі размясціўся Сафійскі сабор. Велічнае збудаванне, узведзенае візантыйскімі майстрамі і гараджанамі стала сімвалам незалежнасці і магутнасці Полацкага княства.

Пры наведванні Сафійскага сабора кідаецца ў вочы неабсяжны валун, які знаходзіцца ля падножжа храма. Гэта Барысаў камень – адна з самых вядомых беларускіх славутасцей, якая адносіцца да помнікаў сярэднявечнай культуры. Лічыцца, што на поўнач Беларусі валун трапіў са скандынаўскім ледніком сотні гадоў таму. Доўгі час Барысаў камень ляжаў у Заходняй Дзвіне ў мястэчку Падкасцельцы побач з Полацкам. У пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя Барысаў камень прывезлі ў Полацк і паставілі па суседству з Сафійскім саборам на Верхнім замку, дзе яго і можна зараз бачыць. На камені зроблены надпісы: “ХС НІКА. Госпадзе дапамажы рабу свайму Барысу”, – а таксама высечаны крыж. Важыць Барысаў камень больш за 70 тон. Вучні Навагрудскай спецшколы-інтэрната дакрануліся да каменя і адчулі яго сілу, моц, сувязь часоў … 

У Полацку шмат цікавых культурных аб’ектаў, сярод іх: помнік героям Айчыннай вайны 1812“года, помнік літары “Ў”, помнік “Геаграфічны цэнтр Еўропы”. Пабываўшы ў двары Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, падлеткі даведаліся, што вышэйшая адукацыя ў горадзе мае даўнія традыцыі.

Наступным пунктам падарожжа па старажытным горадзе стаў Сафійскі сабор. Гэта ўнікальны храм Еўропы, адзін з самых ранніх у старажытнай Русі і першы мураваны на тэрыторыі Беларусі. Сабор Сафіі Прамудрасці Божай быў пабудаваны ў Полацку на правым беразе Заходняй Дзвіны ў ХI стагоддзі. У сярэдзіне XVIII яго перабудавалі згодна з праектам архітэктара Яна Глаўбіца ў стылі віленскага (познебеларускага) барока. Аднак да нашых дзён ад храма ХI стагоддзя дайшлі фрагменты муроўкі, практычна поўнасцю захаваны старажытны фундамент, часткі апсіды, слупоў і сцен, а таксама дзіўныя фрэскавыя размалёўкі 2-й паловы ХI стагоддзя. Сабор і сёння ўражвае хараством і веліччу.

На шляху дадому вандроўнікі наведалі вёску Гервяты Астравецкага раёна. Там знаходзіцца Троіцкі касцёл, які ўваходзіць у тройку самых высокіх храмаў Беларусі (61 м) і, без сумневу, адзін з самых лепшых узораў неагатычнага стылю. Ён быў пабудаваны ў 1903 годзе на месцы драўлянага касцёла 1526 года.

Гэта цікавае падарожжа па гістарычных мясцінах роднай Беларусі пакіне яркі след у дзіцячай памяці і запомніцца навучэнцам Навагрудскай спецшколы-інтэрната, напэўна, на ўсё жыццё!

 

Ірына ГАВАРОЎСКАЯ,
кіраўнік музея “Памяць сэрца”
Навагрудскай спецшколы-інтэрната

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий