Надыход вясны, як і іншыя поры года, багаты на народныя і фальклорныя святы: Масленіца, Стрэчанне, Саракі і Камаедзіца. Выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна штогод сустракаюць вясну не толькі па навуцы, але і па народным календары.
Народныя святы для дашкольнікаў – найбольш эфектыўны спосаб знаёмства з культурай, спадчынай, традыцыямі і самабытнасцю беларускага народа.
Перад Дабравешчаннем сабраліся ў музычнай зале на Камаедзіцу, каб абудзіць мядзведзя ад зімовага сну сваімі песнямі, пляскамі ды карагодамі, задобрыць пачастункамі з гарохавай кашы (жоўтымі і круглымі, як сонца, камамі), пагуляць і павесяліцца, бо на двары вясна, сонейка грэе, птушачкі спяваюць, дзеткі гуляюць.
Ажыццявiць народныя традыцыі, што адбываюцца на Камаедзіцу, дзецям дапамагалi Сонейка яскравае і сонечныя Праменьчыкі, Пчала і Пчаляты, Мядзведзіца і Мядзведзяняты. Добраму настрою спрыяў народны дзіцячы аркестр (у руках выхаванцаў гралі бубны ды лыжкі), а таксама птушачкi, што дзецi зрабiлi з паперы сваiмi рукамi, каб абудзiць i ўпрыгожыць вясновы лес. Да свята дзеці прыгатавалі гарохавыя камы, каб аднeсці ў лес да мядзвежaй бярлогi, быццам на пачастунак мядзведзю, які прачынаецца пасля зімы галодным.
Дзеці даведаліся, што на Беларусі лічылася, быццам на свята Авечніцу мядзведзь кладзецца ў бярлогу і засынае на зіму. На Грамніцы пераварочваецца на іншы бок і сасе другую лапу. На Дабравешчанне – прачынаецца і выходзіць з бярлогі.
Свята дзецям спадабалася ды ў дашкольным цэнтры замацавалася. Супрацоўнікі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна ўпэўнены, што народныя і фальклорныя святы, якія адбываюцца ва ўстанове адукацыі, спрыяюць выхаванню нацыянальнай самасвядомасці і пашырэнню ведаў дзяцей пра беларускі народ, яго гісторыю, пра Радзіму.
Вольга КЛІМ,
загадчык
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна