- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

У памяць пра Героя Савецкага Саюза

 

10 красавіка ў раённым спартыўным свяце фізічнай прыгажосці і здароўя прынялі ўдзел навучэнцы базавых і сярэдніх школ Воранаўшчыны, а таксама дарослыя аматары бегу з арганізацый раёна.

Стала традыцыяй штогод праводзіць вясновы лёгкаатлетычны крос у памяць пра Героя Савецкага Саюза Аляксандра Іванавіча Канарчыка.

Камандзір 92-га асобнага матарызаванага пантонна-маставога батальёна (2-і Беларускі фронт) маёр Аляксандр Канарчык асабліва вызначыўся ў баях за вызваленне Магілёўскай вобласці. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 21 ліпеня 1944 года за ўмелае камандаванне батальёнам, узорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм маёру Аляксандру Іванавічу Канарчыку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Ордэн Леніна і медаль “Залатая Зорка” ён атрымаць не паспеў, бо 24 жніўня 1944 года быў забіты на вызваленай беларускай тэрыторыі з засады, а пасля абліты бензінам і спалены польскімі нацыяналістамі з Арміі Краёвай. Пахаваны ў брацкай магіле ў пасёлку Воранава Гродзенскай вобласці.

У Воранаўскім раёне ёсць месцы, якія нагадваюць пра героя – вуліца, названая ў яго гонар, бюст ля школы, піянерская дружына якой носіць імя Канарчыка, месца гібелі каля вёскі Барташуны і брацкая магіла ў райцэнтры, куды былі перапахаваныя яго астанкі.

Мерапрыемства адкрылі чырлідары Беняконскай сярэдняй школы, ушанавалі хвілінай памяці А.І.Канарчыка, прызёры леташняга вясновага кросу ўсклалі кветкі да помніка на месцы пахавання Героя Савецкага Саюза.

Пасля ўрачыстага адкрыцця на старт па чарзе выходзілі навучэнцы розных узростаў. Ва ўсіх было адно жаданне – годна прабегчы дыстанцыю: каму адзін, а камусьці і два кіламетры. І, вядома ж, кожны спартсмен імкнуўся перамагчы!

Спартыўнае майстэрства і прыгажосць бегу прадэманстравалі на кросе і дарослыя ўдзельнікі. Каманда аддзела адукацыі Воранаўскага райвыканкама заняла другое месца сярод арганізацый і гаспадарак раёна.

Каманды-прызёры ўдастоены грамат і кубкаў. Такія ж узнагароды атрымалі спартсмены і ў асабістым заліку. Пераможцы ў падарунак атрымалі кубак з надпісам “Вясновы крос імя А.І.Канарчыка”.

 

Рэгіна ФРАНСКЕВІЧ,
метадыст
Воранаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий