На працягу вясновых канікул у Ваўкавыскім раённым цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі працаваў лагер “Тэхнарыкі анлайн”. Інфармацыя пра ўсе мерапрыемствы размяшчалася ў групе лагера ў сацыяльнай сетцы УКантакце.
Год таму правядзенне анлайн-змены ў аздараўленчым лагеры здавалася фантастыкай, але зараз мы бачым, што такі фармат запатрабаваны ў дзяцей і бацькоў, і ў яго ёсць свае перавагі. Галоўны плюс анлайн-лагера – новыя магчымасці для навучання і пашырэння кругагляду дзяцей.
У рамках анлайн-лагера быў запушчаны інтэнсіўны курс для дзяцей па канструяванні. На працягу шасці дзён канструктарскага марафону “Гадуем будучых інжынераў” дзеці вучыліся канструяваць з паперы, з гатовых набораў канструктараў, з канструктара Lego, стваралі мадэлі тэхнікі з непрыдатных матэрыялаў, будавалі дамы і праводзілі фізічныя эксперыменты.
У рамках інтэнсіўнага курсу былі арганізаваны анлайн-майстар-класы, прэс-ваяж па інжынерна-тэхнічных прафесіях, Smart-апытанні і лагічныя заданні па тэматыцы дня.
Па выніках змены можна вызначыць перавагі працы анлайн-лагера. Па-першае, у анлайн-рэжыме можа займацца больш дзяцей. Па-другое, падчас анлайн-змены навучэнцам даецца больш адукацыйнага кантэнту, які чаргуецца для больш лёгкага ўспрымання з забаўляльнымі мерапрыемствамі. Дзеці даведваюцца шмат новага, атрымліваюць карысныя навыкі і пашыраюць кругагляд.
Таццяна ДОЎКША,
метадыст Ваўкавыскага раённага цэнтра
тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі