У выхаваўчым працэсе Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы Воранаўскага раёна вялікае месца адводзіцца арганізацыі прафесійна-арыентацыйных мерапрыемстваў, экскурсій. Дзякуючы іх правядзенню, падлеткі атрымліваюць магчымасць вырашыць адно з найважнейшых пытанняў – выбар сваёй будучай прафесіі.
У шосты школьны дзень вучні 9-га класа нашай школы наведалі Воранаўскі прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці. Сустрэча пачалася з прагляду відэафільма “Жыццё каледжа”, які быў падрыхтаваны навучэнцамі ўстановы. Нашы школьнікі зрабілі выснову, што прафесіі трактарыста-машыніста, кіроўцы аўтамабіля катэгорыі “C” і электраманцёра могуць быць не толькі карыснымі грамадству, але цікавымі.
Каб дзевяцікласнікі змаглі акунуцца ў атмасферу каледжа і крыху адчуць сябе студэнтамі, ім правялі экскурсію па вучэбных класах установы, майстэрнях і лабараторыях.
Наступным этапам экскурсіі было наведванне інтэрнату, дзе нашы будучыя выпускнікі змаглі ацаніць бытавыя ўмовы пражывання студэнтаў коледжу.
Самым цікавым і захапляльным быў заключны этап экскурсіі – практычныя заняткі. Падлеткам дазволілі кіраваць трактарам і КАМАЗам. Такіх яскравых уражанняў дагэтуль школьнікі не адчувалі, бо ім упершыню давялося кіраваць тэхнікай, хоць і пад наглядам інструктара.
Прэстыж сельскагаспадарчых прафесій расце, таму навучанне па гэтым профілі з’яўляецца перспектыўным, і прафарыентаваныя экскурсіі, як паказвае наша практыка, не праходзяць бясследна. Дзякуючы ім кожны год рады навучэнцаў Воранаўскага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці папаўняюцца выпускнікамі нашай школы.
Марына КАМІСАРАВА,
настаўнік пачатковых класаў
Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы
Воранаўскага раёна