#Я ведаю#Я памятаю#Чарнобыль#Наш боль#

- 19:32ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Дзень 26 красавіка ў Свіслацкай сярэдняй школе Гродзенскага раёна быў насычаны мерапрыемствамі, якія дазволілі яскрава ўзнавіць у памяці моманты Чарнобыльскай трагедыі, што закранула лёсы і жыцці соцень тысяч людзей, якія марылі працаваць, ствараць сем’і, нараджаць дзяцей. Праграму прапанавалі вучні – члены аб’яднання “EcoFriends. Дзеці 90-х”.

У нашай установе адукацыі мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, праводзіліся ў новым, сучасным фармаце па ініцыятыве навучэнцаў, якія актыўна працуюць у праектнай і даследчай дзейнасці экалагічнага кірунку. Вучні сфарміравалі аб’яднанне пад назвай “EcoFriends. Дзеці 90-х” яшчэ ў 2019 годзе, і з таго часу яно штогод папаўняецца. Члены аб’яднання прымаюць удзел у арганізацыі і правядзенні масавых мерапрыемтваў у школе і нашым аграгарадку, а таксама займаюцца сацыяльна значнай дзейнасцю, удзелам у навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах рознага ўзроўню.

За тыдзень да наступлення 35-годдзя трагедыі ўдзельнікі аб’яднання “EcoFriends. Дзеці 90-х” распрацавалі план правядзення чатырох яркіх мерапрыемстваў для навучэнцаў установы з мэтай прыцягнення ўвагі да праблемы. Форму правядзення мерапрыемстваў выбралі з улікам захапленняў сучасных вучняў. Напярэдадні ў сацыяльных сетках удзельнікі “EcoFriends. Дзеці 90-х” распаўсюдзілі інфармацыю пра прагляд у вольны час мастацкага фільма “Матылькі”, заснаванага на рэальных падзеях, якія адбываліся ў далёкім 1986 годзе. Гэта было неабходна для ўдзелу ў PR-акцыі для старшакласнікаў “#Я ведаю#Я памятаю#Чарнобыль#Наш боль#”.

Вучні 5–8-х класаў удзельнічалі ў жыццёвым калейдаскопе “10 рэальных гісторый людзей горада на Прыпяці”, дзе знаёміліся з асобамі людзей, якія з’яўляліся ліквідатарамі Чарнобыльскай катастрофы, і іх сем’ямі.

Для малодшых школьнікаў навучэнцы арганізавалі камунікатыўную пляцоўку “Дзесяць пытанняў старэйшым сябрам пра Чарнобыль”, дзе размясцілі выставу-прэзентацыю з выявамі і фотаздымкамі Чарнобыля да трагедыі і наступстваў пасля катастрофы.

Для навучэнцаў профільнага хіміка-біялагічнага класа было арганізавана асаблівае мерапрыемства: віртуальная хімічная лабараторыя, дзе з дапамогай электронных сродкаў і дапоўненай рэальнасці вучні мадэліравалі сітуацыі і працэсы, якія дапамогуць пазбавіцца ад радыёнуклідаў на пэўнай тэрыторыі, паменшыць іх канцэнтрацыю ў паветры, вадзе і жывых арганізмах.

Галоўная мэта праведзеных мерапрыемстваў – недапушчэнне паўтарэння аналагічнай катастрофы ў сучаснасці дзеля захавання здароўя і бяспечнага жыцця будучых пакаленняў. Нездарма атрыбутам правядзення мерапрыемстваў сённяшняга дня стала зялёная стужка – сімвал надзеі на будучае пакаленне людзей, якое будзе жыць у гарманічных адносінах з прыродай.

 

Наталля ЖУКОЎСКАЯ,
настаўнік біялогіі і хіміі
Свіслацкай сярэдняй школы
Гродзенскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий