У рамках рэспубліканскай дэкады грамадзянска-патрыятычных спраў “Чарнобыль – боль і памяць” у ІБЦ сярэдняй школы № 2 Скідзеля прайшла інфармацыйная гадзіна “Дзень Чарнобыльскай трагедыі”.
Бібліятэкар І.А.Куц расказала вучням 6-х класаў пра тое, як адбывалася масавая эвакуацыя з Прыпяці, як даводзілася тэрмінова збіраць рэчы, назаўжды развітвацца з домам. Падлеткі прагледзелі фотаздымкі з месца падзей, пачулі пра мужнасць пажарных.
Сёння дзяцей неабходна выхоўваць так, каб словы “экалогія” і “адказнасць” не былі для іх чымсьці тэарэтычным. Зараз на тэму Чарнобыля існуе некалькі відэагульняў, дзясяткі мастацкіх і дакументальных фільмаў і кніг. Вучні пачатковай школы прагледзелі відэаролікі пра аварыю, дзе расказана пра розныя версіі прычын аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Эмацыйныя гісторыі на фоне маштабных гістарычных падзей, велізарнай чалавечай драмы простых людзей, зусім не герояў, якія, самі таго не ўсведамляючы, здзяйснялі подзвіг.
Вучні 9–11-х класаў прынялі ўдзел у брэйн-рынгу “Радыёэкалагічная дасведчанасць”. У рамках гульні вучні даведаліся пра эканамічную шкоду, нанесеную чарнобыльскай катастрофай, пра наступствы аварыі для здароўя людзей.
Мерапрыемствы дазволілі паказаць праблему экалагічнай трагедыі на прыкладзе аварыі на Чарнобыльскай АЭС, фарміраваць пачуццё адказнасці ў адносінах да навакольнага свету і выхоўваць пачуццё спагады.
Вікторыя ДАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 9 “Б” класа,
настаўнік фізікі
сярэдняй школы № 2 Скідзеля