Для абітурыентаў ГДУ імя Францыска Скарыны створаны спецыяльны чат-бот, па якім можна задаць пытанні спецыялістам прыёмнай камісіі.
Колькасць карыстальнікаў мэсэнджара Telegram штодня павялічваецца на сотні тысяч. Менавіта факт імклівага развіцця і росту папулярнасці сеткі падштурхнуў супрацоўнікаў найбуйнейшага адукацыйнага і навуковага цэнтра Палесся да ідэі стварэння чат-бота для абітурыентаў. Тым больш, што ўжо зусім хутка стартуе ўступная кампанія 2021 года.
– Бот створаны на базе бясплатнага канструктара Livegram Bot. З яго дапамогай абітурыенты разам са звычайнымі сродкамі зваротнай сувязі (тэлефон, электронная пошта) могуць задаць свае пытанні ў выглядзе тэкставых паведамленняў, якія будуць перасылацца ў чат спецыялістаў прыёмнай камісіі, – адзначае распрацоўшчык чат-бота Дзмітрый Гарбачоў. – Пасля далучэння абітурыент зможа адправіць сваё пытанне ў тэкставым выглядзе, фота- і відэафармаце або з дапамогай галасавога паведамлення, якія бот перадасць у спецыялізаваны чат прыёмнай камісіі.
Адказны сакратар прыёмнай камісіі можа каардынаваць дзеянні спецыялістаў і перанакіроўваць паведамленне тым, хто найбольш поўна ў рамках сваёй кампетэнцыі адкажа на пытанне абітурыента.
– Адказ можа змяшчаць спасылкі на нарматыўныя дакументы, пастановы і загады Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, якія тычацца правядзення прыёмнай кампаніі 2021 года, а таксама звычайную тэкставую або графічную інфармацыю, – расказвае адказны сакратар прыёмнай камісіі ГДУ Андрэй Кліменка. – Дзякуючы функцыям па зборы статыстыкі, захаванні кантактаў карыстальнікаў і гісторыі іх паведамленняў у базе бота, прыёмная камісія можа аналізаваць іх і паляпшаць якасць прадастаўлення інфармацыі, – удакладняе Андрэй Валер’евіч.
Абітурыентам, якія падключыліся да бота, у выпадку неабходнасці будзе рассылацца важная інфармацыя пра ключавыя даты прыёмнай кампаніі, а таксама магчымыя змены падчас яе правядзення. Карыстальнікі, якія парушылі правілы карыстання чат-ботам, а таксама прыслалі паведамленні, якія не датычацца правядзення кампаніі, могуць быць заблакаваныя адміністратарам.
ГДУ імя Францыска Скарыны жадае ўсім абітурыентам поспехаў і будзе рады бачыць іх у шэрагах студэнтаў універсітэта. Скарыстацца новым сэрвісам можна шляхам увядзення ў Telegram імя карыстальніка @F_Skorina_GSU_bot.
Андрэй ВЯЛІКІ