Знаёмства з музеем пісанкі ў гарадскім пасёлку Сапоцкін стала для чацвёртакласнікаў сярэдняй школы № 8 Гродна сапраўдным цудам, якое запала ў душы дзяцей.
Ніхто не ведаў, што ёсць музей яйка. У ім каля тысячы экспанатаў. Самому “старэйшаму” з іх 21 год. Ці не цуд гэта?! А якая прыгажосць чакала школьнікаў! Рознакаляровыя яйкі розных памераў: ад перапёлчына да страусавага. На іх намалёваны сапраўдныя карціны: пейзажы, царквы, лікі святых.
Сапраўдныя сапоцкінскія пісанкі чорнага колеру з белым арнаментам. Фарбуюць такія вырабы толькі натуральнымі фарбамі. Робяць іх з кары дуба, альховых шышак, іржы з сапраўдных цвікоў.
Стэнд за стэндам здзіўлялі хлопцаў і дзяўчат. Упершыню яны ўбачылі рарытэтныя паштоўкі да галоўнага хрысціянскага свята Вялікадня і Вербніцы, выцінанкі для ўпрыгожвання вокнаў у рост чалавека, куточак старэнькай бабулінай хаткі з чырвоным кутом, кроснамі, саматканымі дыванамі і куфарам з цэльнага дрэва.
Спрадвеку распісанае яйка лічылася моцным абярэгам. Таму кожны маленькі вандроўнік хацеў паспрабаваць самастойна зрабіць сапоцкінскую пісанку. Тэхніка роспісу адначасова простая і складаная. Вучні пачалі вучыцца. Замест ручкі і пэндзліка ім далі незвычайны прадмет пад назвай “пісак”, вельмі падобны на шпільку. Яго трэба было памачыць у гарачы пчаліны воск і хуценька намаляваць адзін элемент узору. Майстрыха пакрасіла нашыя тварэнні, і дзеці з трапятаннем у сэрцы ўзялі ў рукі мацнейшы абярэг для сваёй сям’і. Напэўна ў гэты момант кожны з заміраннем успомніў блізкіх і родных яму людзей.
Далучэнне да народных традыцый, абрадаў, святаў, танцаў спрыяе рознабаковаму развіццю і выхаванню дзяцей розных узростаў, фарміраванню духоўнай і творчай асобы. Важнае месца ў духоўна-маральным выхаванні дзяцей займае фальклор, абрадавая культура – галоўнае мастацкае багацце нашых продкаў, дзякуючы якому ажыццяўляецца сувязь пакаленняў і бесперапыннасць духоўнага развіцця нацыі.
Людмiла ПРАНЬКО,
настаўнiк пачатковых класаў
сярэдняй школы № 8 Гродна