- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Фарміраванне асноў экалагічнай культуры дашкольнікаў

 

Выхаванцы 4-й групы ясляў-сада № 2 Свіслачы прынялі ўдзел у акцыі “Пасадзі дрэва – выратуй планету”. Папярэднічаў акцыі экалагічны тыдзень, у ходзе якога былі праведзены мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне асноў экалагічнай культуры дашкольнікаў.

Стаўшы ўдзельнікамі віртуальнай экскурсіі “Кніга скаргаў прыроды”, малыя зрабілі выснову, што трэба неадкладна ратаваць прыроду. У ходзе гутарак “Дрэвы – нашы сябры”, “Цуды лесу”, “Беражы прыроду” хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, якую карысць прыносяць зялёныя насаджэнні. Прагляд мультыплікацыйнага фільма “Няхай жыве прырода” пераканаў дашкалят, што прыроду трэба ратаваць ад саміх людзей, што ў прыродзе ўсё ўзаемазвязана. Падчас разглядання ілюстрацый, чытання экалагічных казак “Няма месца смеццю”, “Чаму ў зямлі зялёнае сукенка”, “Хто зямлю ўпрыгожвае”, “Гісторыя адной Ялінкі”, “Сумная казка пра ваду” у вачах дзяцей можна было ўбачыць спачуванне і суперажыванне братам нашым меншым.

З задавальненнем удзельнічалі дзеці ў эцюдах-пераўвасабленнях пад музыку з серыі “Гукі прыроды”. З дапамогай мімікі, жэстаў, пластыкі цела дашкаляты фантазіравалі і стваралі з дапамогай выхавальніка міні-імпрэзу на зададзеную тэму, што выклікала эмацыйны водгук, пачуццё суперажывання, спагады.

Стварэнне малюнкаў і вырабаў раскрыла малышам прыгажосць навакольнага свету. Дыдактычныя гульні “Каб дрэва не сумавала”, “Экалагічныя пазлы”, “Даведайся і назаві”, “Хто дзе жыве”, “Экалагічнае лато”, “Добра – дрэнна”, “Падарожжа ў лес” замацавалі веды пра ўмовы, неабходныя для росту раслін, спрыялі фарміраванню актыўнай пазіцыі маленькіх эколагаў.

Абмеркаваўшы з выхаванцамі, як можна дапамагчы планеце, мы прынялі аднагалоснае рашэнне – пасадзіць дрэвы. З нецярпеннем чакалі малыя з’яўлення саджанцаў, з вялікай цікавасцю ўдзельнічалі ў планаванні пасадкі дрэў на тэрыторыі дзіцячага сада, вызначалі месцы, дзе маладым саджанцам будзе камфортна расці. І вось доўгачаканы дзень настаў. Узброіўшыся вядзерцамі з вадой, рыдлёўкамі, хлопчыкі і дзяўчынкі ўзялсяі за справу. Сумесная дзейнасць даставіла масу прыемных момантаў, таму што кожны ўносіў свой уклад у выратаванне нашай планеты. Дзеці з вялікім задавальненнем капалі ямкі, насілі ваду, асцярожна прытрымлівалі саджанцы падчас пасадкі, бо яны такія далікатныя і безабаронныя. Дзякуючы карпатлівай працы, на тэрыторыі дзіцячага сада зазелянелі прыгажуні елачкі, а куток сада папоўніўся саджанцамі абрыкоса і яблыні. Мы спадзяемся, што дрэўцы прыжывуцца і ў хуткім часе зашалясцяць густой кронай. Пасаджаныя дрэвы, вядома ж, запомняцца надоўга і захаваюцца ў сэрцы кожнага дзіцяці. А пасля такога занятку ў малых не падымецца рука зламаць галінку на дрэве або выдрапаць надпіс на ствале.

На працягу акцыі мы запусцілі чэлендж пад дэвізам “Прымі рашэнне на карысць прыроды”, закліканы прыцягнуць да праблем экалогіі нашых бацькоў. І яны не засталіся абыякавымі, актыўна прыняўшы ўдзел у зборы макулатуры.

Дашкольнае дзяцінства – пачатковы этап фарміравання асобы дзіцяці, яго экалагічнай культуры і экалагічнай свядомасці. Для мяне, як выхавальніка, важна, каб мае малыя сталі сябрамі прыроды, стваральнікамі, а не спажыўцамі, творцамі, а не разбуральнікамі.

 

Наталля КАВАЛЕЎСКАЯ,  
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 2 Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

+2

Добавить комментарий