Муравейка – рака малой радзімы

- 21:18ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Акцыя “Малым рэкам – вялікі клопат” стартавала ў Вераб’евіцкім дзіцячым садзе – базавай школе Навагрудскага раёна. Актыўны ўдзел у ёй прынялі вучні 6-га класа на факультатыўным занятку “Зялёныя школы”.  

Муравейка – ласкавая і светлая назва даволі бойкай і моцнай рачулкі, якая працякае праз вёску Вялікія Вераб’евічы ў Навагрудскім раёне. Цячэ рака праз алешнік і толькі вясной дазваляе паглядзець на сябе, калі яшчэ не параслі травой яе берагі і дрэвы толькі пачынаюць распускацца. Ля ракі кіпіць жыццё. Шпарка працуюць бабры. Дзіву даешся, як яны здолелі перацягнуць сюды столькі дрэў і перакрыць раку. Але для Муравейкі гэта не перашкода. Яна, пасмяяўшыся з будаўнікоў, разбурыла плаціну і звонка панесла свае воды далей.

Зімой рэчка не замярзае нават у люты мароз. Вада ў ёй празрыстая і чыстая, дно пясчанае. І толькі водарасці, як косы, дзе-нідзе засцілаюць дно. Але самы галоўны цуд – фарэль, якая тут водзіцца. Гэта верная прымета таго, што вада чыстая. Ля ракі растуць лекавыя расліны: валяр’ян, жывакост, аер.

Падчас акцыі школьнікі навялі чысціню і парадак на беразе Муравейкі, прыбралі шмат смецця. Хлопчыкі з задавальненнем даставалі з вады галінкі дрэў, а дзяўчынкі на беразе складалі іх у кучкі. Вучні гатовыя працаваць, а значыць, праводзіць час з карысцю для сябе і агульнай справы.

Хочацца спадзявацца, што смецця ў нашай рачулцы стане менш дзякуючы не толькі акцыі, але і таму, што кожны з нас будзе адказна падыходзіць да аховы навакольнага асяроддзя.



Таццяна ДАМУЦЬ,
настаўнік хіміі і біялогіі
Вераб’евіцкага дзіцячага сада – базавай школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий