З клопатам пра бяспеку ветэранаў працы

- 23:24ВИТЕБЩИНА, Регионы

 

Выконваючы мерапрыемствы па стварэнні бяспечных умоў пражывання пажылых грамадзян, Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аршанскага раёна папрасіў Аршанскі дзяржаўны механіка-эканамічны каледж аказаць садзейнічанне ў набыцці і ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у домаўладаннях пенсіянераў, якія раней працавалі ва ўстанове. Прафсаюзны камітэт каледжа адгукнуўся на гэтую просьбу.

У нашым каледжы многія ветэраны працы на заслужаным адпачынку не толькі падтрымліваюць цесную сувязь з працоўным калектывам, але і застаюцца на прафсаюзным уліку.

Першым ветэранам працы, у доме якога з’явіўся набыты за кошт прафсаюзных сродкаў пажарны апавяшчальнік, стаў былы выкладчык спецыяльных дысцыплін Юрый Мацвеевіч Краснер. Тут хочацца сказаць некалькі слоў пра гэтага выдатнага чалавека. Па-першае, ён быў выпускніком нашага каледжа (тады тэкстыльнага тэхнікума). Шмат гадоў аддаў рабоце на адным з самых вядомых і найбуйнейшых прадпрыемстваў саюзнага лёгкага машынабудавання – Аршанскім заводзе швейных машын, прайшоў тут шлях ад тэхніка да начальніка канструктарскага бюро. Юрый Мацвеевіч мае аўтарскія пасведчанні і патэнты на вынаходніцтвы. Напрыклад, сярод яго вынаходак – дзевяцііголкавая вышывальная машынка, якая за 20 хвілін вышывала герб БССР. Быў лаўрэатам Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Потым на працягу 13 гадоў перадаваў навучэнцам сваёй альма-матэр найбагацейшы вытворчы вопыт і глыбокія веды. Разам са сваімі навучэнцамі пастаянна ўдзельнічаў у абласных і рэспубліканскіх выставах тэхнічнай творчасці, займаючы на іх прызавыя месцы. Юрый Мацвеевіч – часты і жаданы госць у каледжы. З якімі непадробнымі ўвагай і радасцю ён удзельнічаў 5 лістапада 2019 года ў адкрыцці рэсурснага цэнтра машынабудаўнічага профілю! Цяпер у нас ёсць найноўшае вучэбнае і вытворчае абсталяванне, якое дазволіць рыхтаваць высакакласных спецыялістаў для машынабудаўнічай галіны. А ў гэтым годзе спаўняецца роўна 50 гадоў, як у нашай установе адукацыі пачалі рыхтаваць прафесійныя кадры для флагмана прамысловасці Беларусі.

І зараз ветэран не можа сядзець без любімай справы: працягвае ўдасканальваць машынку для вышывання, вырабіў арыгінальны прыбор для завострывання нажоў. З імі, а таксама з багатай асабістай бібліятэкай ветэрана з цікавасцю азнаёміліся старшыня прафкама каледжа Уладзімір Уладзіміравіч Мароз, загадчык рэсурснага цэнтра Аляксей Алегавіч Карманаў і старшыня савета ветэранаў каледжа Віктар Паўлавіч Лютынскі. На развітанне Юрый Мацвеевіч сардэчна падзякаваў калегам за клопат, пажадаў роднай установе адукацыі і яе дружнаму калектыву поспехаў і росквіту.

 

Віктар ЛЮТЫНСКІ,
выкладчык Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа,
старшыня савета ветэранаў каледжа

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий