“Калі мы адзіныя – мы непераможныя! У адзінстве наша сіла і моц!” – пад такім лейтматывам прайшло ў Чамярынскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Брагінскага раёна мерапрыемства, прысвечанае Году народнага адзінства. Гэта быў святочны канцэрт, складзены з нумароў, якія падрыхтавалі не толькі вучні, але і настаўнікі, і законныя прадстаўнікі вучняў.
Усе разам мы прадэманстравалі тое, чым займаемся не толькі ў шосты школьны дзень, але і ў пазакласнай дзейнасці: выставу вырабаў з дрэва, бісера і паперы, песні, танцы, выразнае чытанне вершаў і прозы, інсцэніроўкі школьнага тэатра.
Мерапрыемства прайшло, як кажуць, на адным дыханні. Яно аб’яднала нас, вучняў, настаўнікаў, адміністрацыю, бацькоў у адно цэлае і непарушнае. Пры падрыхтоўцы амаль усе члены нашай вялікай школьнай сям’і былі надзелены пэўнымі абавязкамі, якія выконвалі з натхненнем і асалодай. Усім хацелася паказаць тое, што мы ўмеем. Праз беларускія песні і танцы мы хацелі выказаць сваю любоў да Радзімы, да вёскі, паказаць адданасць ім, і, канечне, падзякаваць гасцям, што завіталі да нас. Яшчэ раз паказаць, што адзіныя мы не толькі ў Год народнага адзінства, але адзіныя мы па жыцці!
Гэтае мерапрыемства толькі адно звяно ў калейдаскопе падзей, якімі насычана наша школа.
Падводзячы вынік усяго сказанага, яшчэ раз хацелася б падкрэсліць, што для таго, каб чагосьці дасягнуць у любой справе, патрэбна дзейнічаць толькі аб’яднаўшы ўсе сілы і намаганні, як робім гэта мы. Бо ў адзінстве мы моцныя і непераможныя! А што яшчэ патрэбна для спакойнага, добрага жыцця і працы?!
Аксана ПЕЎНЯВЕЦ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Чамярынскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Брагінскага раёна