- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

“Лідскія чытанні”: падзеі часоў Вялікай Айчынай вайны

 

Ужо восьмы год запар у канферэнц-зале Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я.Купалы праходзіць навукова-практычная канферэнцыя “Лідскія чытанні”. Удзельнікамі канферэнцыі з’яўляюцца краязнаўцы, супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея, настаўнікі і юныя даследчыкі, навучэнцы сярэдніх школ горада і раёна. Прадстаўнікі сярэдняй школы № 11 Ліды штогод прымаюць удзел у рабоце “Лідскіх чытанняў”, ім ёсць чым падзяліцца з грамадскасцю горада, ёсць чым уразіць.

У гэтым годзе ўдзельнікі чытанняў працавалі над тэмай “Вайна і памяць: старонкі гісторыі Лідскага краю”, прымеркаванай да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.  

         Вучні і настаўнікі сярэдняй школы № 11 прапанавалі ўвазе слухачоў навукова-практычнай канферэнцыі матэрыялы трох даследаванняў. Так, вучаніца 7 “Б” класа Дар’я Усс пазнаёміла з матэрыяламі даследчай працы “Злачынства фашызму: Халакост на Лідчыне” (кіраўнік Кацярына Валынец). У выступленні Дар’я распавяла пра тое, як прыйшла вайна на лідскую зямлю, як адбілася на лёсах жыхароў Лідчыны і якімі былі яе трагічныя наступствы.  

Вучаніцы 8 “Б” класа Алена Лычкоўская і Ганна Юнда расказалі пра праект “Дарогі Лідчыны, абпаленыя вайной. Яны застылі ў абелісках, стэлах і мемарыялах”, у якім ідзе гаворка пра імёны людзей, унёсшых уклад у Вялікую Перамогу, тых жыхароў Ліды і Лідскага раёна, чые імёны ўвекавечаны ў абелісках і мемарыялах. Дзяўчынкі разам з класным кіраўніком вядуць працу над праектам ужо некалькі гадоў: яны збіраюць матэрыялы пра месцы сваёй малой радзімы, дзе пакінула трагічны след Вялікая Айчыная вайна, наведваюць гэтыя памятныя месцы, знаёмяць з матэрыяламі даследавання ўсіх, каму цікава і карысна пра гэта пачуць.

У VIII Лідскіх чытаннях прыняла ўдзел і я. У сваім выступленні “Яна жыла за тых, хто не дажыў. Раік Ганна Аляксандраўна…” я распавяла пра трагічны след, які пакінула вайна ў жыцці маёй сям’і. Гэта аповед пра выпрабаванні, якія выпалі на лёс маёй бабулі, жыхаркі вёскі Барвічы Лідскага раёна.

Хвілінай маўчання ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі ўшанавалі памяць загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны.

“Вайна і памяць: старонкі гісторыі Лідскага краю” – мерапрыемства, якое не толькі закранула значны гістарычны этап жыцця жыхароў Лідчыны і Беларусі ў цэлым, але і падняло актуальныя пытанні сучаснасці, паказала, як важна не толькі памятаць мінулае, але і шанаваць сённяшняе.

 

Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8 “Б” класа
сярэдняй школы № 11 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий