24 красавіка ў Іўеўскай сярэдняй школе адбыўся раённы этап рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”.
Атрады юнармейцаў прадставілі свае каманды на этапе “Візітная картка атрада”, змагаліся за перамогу на паласе перашкод, у час агляду строю і песні паказалі рух урачыстым маршам з песняй, а таксама выдатныя веды і эрудыцыю ў квізе “75 кадраў пра вайну” і на этапе “Шыфравальшчык”.
“Няма сумненняў, піянеры гатовыя стаць на абарону сваёй Радзімы!” – адзначыў член журы, начальнік групы тэрытарыяльнай абароны ваеннага камісарыята Іўеўскага раёна М.П.Завадскі.
Перамогу другі раз запар атрымаў атрад “Новае пакаленне” Бобравіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы. “Мы ганарымся вамі і спадзяёмся, што дзякуючы зладжаннасці дзеянняў у атрадзе і ўдаламу кіраўніцтву камандзіра атрада Паліны Буката “Новае пакаленне” атрымае перамогу на абласным этапе гульні “Зарніца”, – сказала старшыня раённага савета БРПА М.Ф.Гут, уручаючы ўзнагароды.
Свае надзеі на будучыню мы ўскладваем менавіта на новае, падрастаючае пакаленне. Спадзяёмся, піянеры з гонарам апраўдаюць нашы спадзяванні!
Марыя ГУТ,
метадыст
Іўеўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі