У Хвінявіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна прайшла дэкада “Чарнобыль – наш боль і памяць”, прысвечаная 35-годзю Чарнобыльскай трагедыі.
У фае для навучэнцаў было створана інфармацыйнае люстэрка “Чарнобыль. Захоўваючы памяць”, якое адлюстроўвала інфармацыйны матэрыял пра чарнобыльскую трагедыю, была аформлена арт-выстава “Чарнобыль вачыма дзяцей”.
Для навучэнцаў 1–4-х класаў прайшлі экалагічная азбука, інтэрактыўная гульня “Адкуль бярэцца энергія?”. Дзецям былі прапанаваны заданні з раздзелаў “Экалогія лесу”, “Птушкі-эколагі”, “Чырвоная кніга”, “Запаведныя зоны”. Старонкі азбукі пазнаёмілі дзяцей з экалагічнымі трывогамі на зямлі і ў нашай вобласці, заклікалі ставіцца да прыроды чуйна і беражліва.
Навучэнцы 5–11-х класаў прымалі ўдзел у конкурсе малюнкаў, стваралі калажы “Чорна-белы боль – Чарнобыль”. Для старшакласнікаў прайшлі класныя і інфармацыйныя гадзіны “Званы Чарнобыля”. Мерапрыемствы былі накіраваны на выхаванне патрыятызму, пачуцця адказнасці за будучае чалавецтва, фарміраванне экалагічнай культуры падрастаючага пакалення на гістарычных прыкладах. Падчас выхаваўчых мерапрыемстваў навучэнцы азнаёміліся з фактамі, якія тычацца аварыі на ЧАЭС.
У бібліятэцы школьнікі змаглі азнаёміцца з выставай літаратуры “Праз кнігу – у памяць і сэрца”. Работа відэасалона дазволіла наглядна прадэманстраваць маштабы экалагічнай катастрофы 1986 года, глыбока і ярка асвятліць экалагічныя праблемы пасля аварыі на ЧАЭС. Прагучалі вершы В.Высоцкага, інфармацыйная даведка экспертаў пра маштабы трагедыі.
Чарнобыльская трагедыя – гэта адна з самых страшных тэхнагенных катастроф ХХ стагоддзя, пра якую мы павінны памятаць праз стагоддзі, каб не паўтараць памылак, якія забралі жыцці тысяч людзей.
Анастасія РАГОЙЖА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Хвінявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна