- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Шклозавод “Нёман” і фэнтэзі-сядзіба “Літоўка”

 

Калектыў настаўнікаў Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы Смаргонскага раёна ў чарговы раз пабываў у цікавым падарожжы. Для наведвання быў абраны аб’ект прамысловасці – адкрытае акцыянернае таварыства “Шклозавод “Нёман” у Бярозаўцы Лідскага раёна.

Шклозавод “Нёман” з’яўляецца старэйшым заводам па вытворчасці шкляной прадукцыі. Гісторыя завода пачынаецца з канца ХІХ стагоддзя (1883 г.), і ён працуе па сённяшні дзень, уся вытворчасць заснавана на ручной працы.

Падчас экскурсіі мы змаглі ўбачыць увесь цыкл вытворчасці шкляных вырабаў. Было вельмі цікава назіраць за тым, як з расплаўленай масы вырабляюць розныя шкляныя фігуры. Як зачараваныя, затаіўшы дыханне, мы назіралі за тым, як працуюць сапраўдныя майстры сваёй справы, як шкловыдзімальшчык стварае сапраўдныя шэдэўры, напрыклад, шкляны кашалёк. Убачылі, як пасля загартоўкі ў спецыяльнай печы шкляным вырабам з дапамогай газавых гарэлак, устаноўленых на рознай вышыні, надаюць пэўны памер.

Пасля наведвання гарачага цэха мы адправіліся ў музей шкла. Чаго мы толькі тут не пабачылі! Уразіла прыгажосць і разнастайнасць вырабаў: ад простай піўной бутэлькі зялёнага колеру да аўтарскіх кампазіцый сучасных мастакоў.

Завяршылася экскурсія наведваннем фірменнага магазіна шклозавода, які чымсці нагадвае музей – настолькі разнастайны асартымент тавараў са звычайнага шкла і хрусталя.

Вяртаючыся дадому, мы не маглі не наведаць яшчэ адно незвычайнае месца – фэнтэзі-сядзібу “Літоўка”, якая знаходзіцца непадалёк ад Навагрудка.

Гэтая сядзіба пабудавана не так даўно – у пачатку ХХІ стагоддзя. У ёй усё здаецца несапраўдным, казачным. Адразу каля цэнтральных варот наведвальнікаў сустракае строгім позіркам Дух леса. Далей па ўсёй тэрыторыі размясціліся розныя скульптуры і збудаванні з незвычайнымі назвамі. Гэта і “Домік гномікаў”, і “Гараж-бар”, і “Адская спальня” з жудаснымі і не зусім зразумелымі карцінамі і экспанатамі. У цэнтры сядзібы звычайны дом, у якім, па адной з версій, у жніўні 1969 года цэлы тыдзень пражыў Уладзімір Высоцкі з Марынай Уладзі. У доме ёсць пакой з барэльефам паэта, яго партрэт, зборнік вершаў і гітара. Тут жа, у двары, можна ўбачыць сімвалічную статую чалавека з планетай у руках, якога душыць жаба.

У Літоўцы столькі розных нестандартных элементаў, што складваецца ўражанне, быццам мы перамяшчаемся ў часе то ў далёкае мінулае з рознымі паданнямі і легендамі, то ў палёце фантазіі пераносімся ў будучыню.

 

Людміла РАМАНОЎСКАЯ,
настаўнік Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий