Вандроўка ў мінулае

- 15:16МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

 

У рамках мерапрыемстваў абласнога праекта “#Мая_зямля_Прыдняпроўе” навучэнцы Цяцерынскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Круглянскага раёна паўдзельнічалі ў “Вандроўцы ў мінулае” і аднавілі гісторыю жыцця свайго вядомага земляка.

Фарміраванне ў навучэнцаў грамадзянска-патрыятычных і духоўна-маральных якасцей ажыццяўляецца праз далучэнне да гісторыка-культурных, прыродных каштоўнасцей, народных традыцый і звычаяў малой радзімы.

Прозвішча генерала Данілава добра вядомае на Кругляншчыне. Аднак зацікаўленым вучням 8-га класа было важна самастойна правесці пошукавую работу, сабраць як мага больш звестак пра гэтага легендарнага чалавека і падзяліцца сваімі ведамі з усімі вучнямі школы. А расказаць сапраўды ёсць што.

У канцы XIX – пачатку XX стагоддзя генералу Данілаву належылі маёнтак Цяцерына, фальварак Янаў, вёскі Смольшчына і Міхайлава. Генерал удзельнічаў у Крымскай вайне, польскай кампаніі 1863 года, руска-турэцкай вайне 1877–1878 гадоў. За выключную адвагу Міхаіла Данілава ўзнагародзілі ордэнам Святога Уладзіміра 4-й ступені з мячамі і бантам. Генерал быў занесены ў спісы Адэскага пяхотнага палка і прызначаны ганаровым шэфам яго першай роты. Міхаіл Паўлавіч прымаў удзел у абароне Севастопаля. Асаблівую мужнасць Данілаў праявіў падчас руска-турэцкай вайны. У спісе яго ўзнагарод значацца ордэны Святога Станіслава, Святой Ганны, Белага Арла, Святога Аляксандра Неўскага з дыяментавымі знакамі. Па афіцыйных звестках, Міхаіл Паўлавіч памёр у Маскве.

Годны сын Айчыны завяшчаў пахаваць сябе ў сваім маёнтку Цяцерына Магілёўскай губерні. Пахавалі генерала ў склепе, уладкаваным на ўзгорку паблізу бярозавай алеі, якая вядзе да асабняка. На месцы яго спачывання ўстанавілі помнік.

Па крупінках нашы вучні ўзнаўлялі гісторыю жыцця Міхаіла Данілава. Людская памяць захавала ўспаміны пра тое, што гаспадар маёнтка ў асноўным жыў у Пецярбургу, часам наведваючы свае вёскі. Вядзеннем гаспадаркі ў маёнтку займаўся эканом. Акрамя сельскагаспадарчых работ, у маёнтку надавалася ўвага развіццю бондарства і ганчарства. Добры даход паступаў ад піцейнай установы і вадзянога млыну. Двухпавярховы дом памешчыка стаяў на месцы, дзе зараз размешчаны будынак школы.

Генерал Міхаіл Данілаў займаўся дабрачыннасцю, ствараў працоўныя месцы, тым самым пакінуў добрую славу пра сябе на Кругляншчыне. Кожны, хто праязджае па шашы, якая вядзе ў аграгарадок Цяцерына Круглянскага раёна, абавязкова звяртае ўвагу на помнік пры дарозе.

Адметна, што пошукавая работа па вывучэнні гістарычнага мінулага нашага раёна працягваецца. Да “Вандроўкі ў мінулае” далучаецца ўсё большая колькасць вучняў.

 

Тамара СКАРАБАГАТАЯ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры,
класны кіраўнік 8-га класа
Цяцерынскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Круглянскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий