У гімназіі № 2 Ваўкавыска правядзенне тыдня псіхалогіі ўжо стала добрай традыцыяй. У 2020/2021 навучальным годзе тыдзень праводзіўся на тэму “Вясёлкавы настрой”.
Адкрыў тыдзень дзень эмоцый і добрага настрою, які ахапіў усю гімназію. Інтрыгай дня стала агульнагімназічная акцыя “Вясёлка эмоцый і добрага настрою”, агульнагімназічнае дзейства ў пачатковай школе “Атрымай смайлік настрою”, фотаконкурс “Такія розныя эмоцыі” у 5–11 класах. На працягу дня навучэнцы і настаўнікі стваралі “вясёлку настрою”, выбіраючы колер свайго настрою з рознакаляровых смайлікаў.
Аўторак, дзень прымірэння, прайшоў пад дэвізам “Ад канфлікту да прымірэння адзін крок” і быў прысвечаны прафілактыцы канфліктаў у гімназічным асяроддзі. Цэнтральнае мерапрыемства – акцыя прымірэння. Праваднікамі акцыі сталі навучэнцы, якія наведвалі псіхалагічныя трэнінгі бесканфліктных зносін (практычна медыятары). Яны вырашалі канфліктныя сітуацыі на “лаўцы прымірэння”, дапамагаючы канфліктуючым бакам выказаць свае пачуцці, пачуць і зразумець інтарэсы іншага боку і аднавіць сяброўства.
Серада, дзень псіхалагічных ведаў, праводзіўся з мэтай павышэння цікавасці навучэнцаў да пазнання псіхалогіі і прэзентацыі прафесіі псіхолага. Прайшла псіхалагічная алімпіяда. Для ўдзелу ў віктарынах, эрудыт-лато былі прыцягнуты вучні 5–11 класаў.
У чацвер прайшла гімназічная акцыя “Таемны сябар” у рамках абвешчанага дня дружбы. Класы актыўна адгукнуліся на мерапрыемства і цэлы дзень аказвалі адзін аднаму і настаўнікам знакі ўвагі.
Дзень дабра і шчасця прайшоў у пятніцу. У шосты суботні дзень тэматычны тыдзень псіхалогіі завяршала напоўненая фатаграфіямі і відэаролікамі прэзентацыя “Па старонках тыдня псіхалогіі” з мэтай асвяжыць асноўныя мерапрыемствы, ажывіць атрыманыя ўражанні, падвесці вынікі і атрымаць зваротную сувязь ад навучэнцаў.
Падзеі тыдня псіхалогіі стварылі эмацыйную атмасферу ў гімназіі, прадэманстравалі магчымасці псіхалагічных інтэрактыўных зносін, дапамаглі ўдзельнікам убачыць адно аднаго з новага, нязвыклага боку, пракласці камунікатыўныя і эмацыйныя масткі адзін да аднаго.
Ірына ШЫВІЛЬКА,
педагог-псіхолаг
гімназіі № 2 Ваўкавыска