У Корнадзьскім дзіцячым садзе – базавай школе Свіслацкага раёна створаны ўнікальны музей ручніка, які зараз налічвае 675 экспанатаў, што адлюстроўваюць розныя бакі жыцця народа пачатку ХХ стагоддзя.
У выніку стараннай працы настаўнікаў і вучняў школы музей атрымаў цікавую і змястоўную экспазіцыю. А нядаўна адбылося адкрыццё дзвюх новых экспазіцый – “Беларуская лялька” і “Саламяныя павукі”.
Вучні пазнаёміліся з відамі народных лялек, асаблівасцямі іх выканання. Экскурсаводы расказалі пра тое, як і для чаго лялькі вырабляліся, якое назначэнне мелі.
Вучні з цікавасцю разглядалі таксама саламяных павукоў, якія падвешаны да столі музейнага памяшкання і нагадваюць па-майстэрску сплеценае павуцінне.
Ну а самымі цікавымі для вучняў былі майстар-класы па стварэнні лялькі-абярэга ці па пляценні павукоў з саломы, якіх кожны мог зрабіць сабе на памяць.
Наталья ГРУША,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Корнадзьскага дзіцячага сада – базавай школы
Свіслацкага раёна