Тыдзень грынкаўскіх пачаткоўцаў  

- 7:27ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У Грынкаўскім-дзіцячым садзе – базавай школе Свіслацкага раёна прайшоў тэматычны тыдзень пачатковых класаў. Усе мерапрыемствы былі аб’яднаны тэмай Перамогі.

Першы дзень тыдня стаў днём творчасці. Навучэнцы наведалі творчую майстэрню “Галінка Перамогі”, дзе пад кіраўніцтвам настаўніка Жанны Шыдлоўскай зрабілі квітнеючыя галінкі – сімвал Перамогі, якімі ўпрыгожылі святочную калону ў час урачыстага шэсця да помніка напярэдадні 9 Мая. Таксама ў гэты дзень была арганізавана экскурсія ў школьны інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр, бібліятэкар С.А.Волчык падрыхтавала для вучняў прэзентацыю-віктарыну па творах, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне.

Прадоўжыў тыдзень дзень рускай мовы. Настаўнік Таццяна Жук правяла інтэлектуальную гульню “Слоўнікавы калейдаскоп”. Гульня дапамагла дзецям дакрануцца да багацця рускай мовы, адчуць яе шматграннасць і глыбіню, папоўніць слоўнікавы запас. Усе заданні, якія выконвалі вучні, былі аб’яднаны агульнай тэматыкай, якая тычылася перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.  

У дзень беларускай мовы вучні напісалі слоўнікавую дыктоўку “Пільнае вока”, якая выявіла самага пісьменнага вучня – вучаніцу 4-га класа Мілану Барэль. А вось у конкурсе на самы лепшы сшытак пераможцам стаў вучань 4-га класа Ягор Лях. У гэты ж дзень прайшла гульня-падарожжа “Мая прыгожая Беларусь”, падчас якой вучні наведалі станцыі “Сімвалы Беларусі”, “Вусная народная творчасць”, “Краявіды Беларусі”, “Дзякуй дзеду за Перамогу”.  

Наступным быў дзень матэматыкі, на працягу якога вучні паказалі свае матэматычныя здольнасці, кемлівасць, логіку. З цікавасцю дзеці разгадвалі матэматычныя рэбусы. Лепшым знаўцам рэбусаў стала Настасся Сенкевіч з 3-га класа. Настаўнік Ніна Трахімік правяла інтэлектуальную гульню “Вясёлая матэматыка”. Прадстаўнікі каманд “Плюс” і “Мінус” рашалі лагічныя задачы, разгадвалі галаваломкі, адказвалі на матэматычныя пытанні, паказалі свае тэатральныя здольнасці пры пастаноўцы сцэнкі “Два сябра – квадрат і трохвугольнік”. Перамажцай у гульні стала каманда “Плюс”.

У дзень памяці вучні прынялі ўдзел у віктарыне “Мы помнім”, пераможцамі ў якой сталі чацвёртакласнікі. Таксама ў гэты дзень ля помніка загінуўшым у гады вайны землякам прайшоў мітынг “Ад помніка да помніка”, дзе навучэнцы разам з усімі прысутнымі ўшанавалі хвілінай маўчання памяць пра загінуўшых.

Памятным гэты дзень стаў для вучняў 4-га класа – яны сталі піянерамі.

 

Ніна ТРАХІМІК,
настаўнік пачатковых класаў
Грынкаўскага дзіцячага сада – базавай школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий