Выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Чачэрска далучыліся да святкавання 110-годдзя з дня нараджэння беларускага дзіцячага пісьменніка Васіля Віткі.
Мы правялі гульні-драматызацыі, літаратурныя віктарыны, чытанне і дэкламацыю вершаў, тэатралізаваныя інсцэніроўкі на роднай мове. А таксама адбылася экскурсія ў цэнтральную раённую бібліятэку. Там пазнаёміліся з кнігамі В.Віткі (Цімоха Васільевіча Крысько), цікавымі гісторыямі з яго жыцця, разглядалі яго партрэты ў розныя гады жыцця. Даведаліся шмат новага пра беларускага дзіцячага пісьменніка, паэта і драматурга. Паслухалі, як прыгожа выказваў В.Вітка свае патрыятычныя пачуцці і любоў да роднай Беларусі.
Выхаванцы з цікавасцю не толькі слухалі, але прымалі актыўны ўдзел у гутарцы. Вядома, не кожны дарослы можа выказваць свае думкі прыгожа ды яшчэ на чыстай беларускай мове, але дзеці вельмі стараліся. Гэта яркі прыклад, як захапіць дзяцей так, каб ім захацелася вучыць родную мову і прыгожа размаўляць на ёй.
Творы беларускіх дзіцячых пісьменнікаў і фальклор адкрываюць перад дзецьмі прыгажосць жыцця, роднай мовы, прыроды, маляўнічасць, казачнасць свету, чым узбагачаюць духоўнае жыццё дзіцяці.
Таццяна ШКАЛЯНКОВА,
намеснік загадчыка
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Чачэрска