У яслях-садзе вёскі Беняконі Воранаўскага раёна ў займальнай форме прайшоў дзень паветра, на працягу якога дзеці знаёміліся з паветрам, пазнавалі яго ўласцівасці.
На ранішнім прыёме ўсіх дзяцей вітаў вясёлы Паветраны Шар. У працэсе зносін адбылася гутарка “Што такое паветра?” з вырашэннем праблемнай сітуацыі “Чым пахне паветра?”. Дашкаляты з цікавасцю праслухалі запіс “песенькі” лёгкага, парывістага і моцнага ветра.
Пры правядзенні дыдактычнай гульні “Зловім паветра” дзеці “лавілі” паветра ў поліэтыленавыя пакеты і пераканаліся ў тым, што паветра нябачнае, але яно ёсць. У гульні “Мора хвалюецца” малыя дзьмулі праз саломінку ў шклянку з вадой і ўбачылі, што вада выціскае паветра. З радасным настроем дашкаляты дзьмулі на сваю далоньку праз трубачку ў гульні “Паказычы далоньку”. У адным з доследаў дзеці апускалі перавернутую празрыстую шклянку ў таз з вадой і назіралі, што паветра не прапускае ваду.
Гуляючы ў рухомую гульню “Мой вясёлы, гучны мяч” дзеці даведаліся, што мячык скача высока, таму што ў ім шмат паветра.
З дапамогай выхавальніка выраблялі вееры з каляровай паперы і, выкарыстоўваючы іх, адчувалі рух паветра.
З задавальненнем дзеці выконвалі дыхальную гімнастыку “Слухаем дыханне”, “Надзьмі шарык”.
Падчас арганізаванай сумеснай дзейнасці “Матылёк, ляці”, “Ветрык і кветкі”, “Лодачка, плыві” дзеці пераканаліся, што прадметы могуць перасоўвацца пры дапамозе паветра. А на прагулцы, назіраючы за травой і аблокамі, дзеці зразумелі, што вецер – гэта рух паветра.
Малыя з захапленнем і цікавасцю ўдзельнічалі ў доследах і эксперыментах, і, каб працягнуць іх зацікаўленасць у вывучэнні ўласцівасцей паветра, бацькам было прапанавана вырабіць дома сумесна з дзецьмі круцёлку з паперы для вызначэння сілы ветру.
Такая даследчая дзейнасць спрыяла набыццю больш змястоўных уяўленняў пра паветра і яго ўласцівасці. Дзеці даведаліся, дзе жыве паветра, якія ў яго ўласцівасці, што яно ёсць усюды і неабходна ўсяму жывому.
Антаніна ГУР’ЯН,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада вёскі Беняконі
Воранаўскага раёна