- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Жыццё ў стылі ЭКА

 

У яслях-садзе № 34 Ліды работа па экалагічным выхаванні прадугледжвае розныя формы работы з дзецьмі: квесты, экскурсіі ў прыроду, экалагічныя гульні, забавы і святы. Асаблівую цікавасць выхаванцы праяўляюць да экалагічных казак. Так, дзецям вельмі спадабалася тэатральна-гульнявая пастаноўка “Жыццё ў стылі ЭКА!”.

У пастаноўцы былі адлюстраваны прыродныя з’явы, жыццё раслін і насякомых. Галоўныя героі казкі Маша і Пеця трапляюць у віртуальную гульню, дзе прымаюць актыўны ўдзел у вырашэнні праблем аховы прыроды. Берагіня беларускага лесу надзяляе дзяцей чароўнай сілай, якая дапамагае ім як у рэалістычных, так і ў чарадзейных умовах спраўляцца з цяжкасцямі, якія ўзніклі на іх шляху. Дзеці чысцяць лес ад забруджванняў, знаёмяцца з лекавымі раслінамі, любуюцца прыгажосцю кветак і матылькоў. Яны паўтараюць правілы паводзін у лесе з Бруснічкамі і мухаморам, а добры Лесавічок частуе іх сакавітымі журавінамі.

Як і ўсе казкі на свеце, наша казка вучыць дабру, і дабро заўсёды перамагае зло. Дзеці вельмі кранальна інсцэніруюць выратаванне Дуба ад злых жукоў-караедаў. Доктар-дзяцел старанна “лечыць” дрэва. Усе дзеянні адбываюцца пад выразнае музычнае суправаджэнне.

Дзеці-артысты асабліва любяць удзельнічаць у казках з незвычайнымі персанажамі. Сучасныя арыгінальныя касцюмы і казачныя дэкарацыі дапамаглі выхаванцам адчуць сябе сапраўднымі акцёрамі. Сродкамі чароўнага свету тэатра мы гаворым з дзецьмі пра сур’ёзныя рэчы, вучым усвядомленым маральным адносінам да прыроды.

 

Вольга МАЕЎСКАЯ,
музычны кіраўнік
ясляў-сада № 34 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий