Летнія канікулы вучні 8-х класаў сярэдняй школы № 11 Ліды пачалі з пазнавальнай і займальнай вандроўкі ў невялікі, але вядомы ва ўсёй Беларусі горад Нясвіж. Горад, які і сёння называюць сталіцай некаранованых каралёў Вялікага княства Літоўскага. Аб знаёмстве з гісторыка-культурнай спадчынай, якую пакінулі нам Радзівілы, вучні марылі ўжо даўно, і вось доўгачаканыя мары здзейсніліся.
Шлях да Нясвіжа прайшоў праз гарады і мястэчкі, пра якія вучні таксама пачулі розныя факты з гісторыі і цікавыя паданні. А гэта Бярозаўка, Навагрудак, Карэлічы, Мір і іншыя.
Нясвіж сустрэў нас добрым надвор’ем і падрыхтаваў васьмікласнікам шмат яскравых і запамінальных імгненняў.
Першым аб’ектам знаёмства стаў нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, які ўнесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Дарога да палаца Радзівілаў, які акружаны ланцугом азёр і паркаў, адразу перанесла нас у час, калі некалі там жылі яго гаспадары. Падчас наведвання палацу нам увесь час здавалася, што вось-вось выйдзе хтосьці з вяльможных асоб роду Радзівілаў, прывітае нас уласна і працягне экскурсію па пакоях велічнага палаца.
Пасля знаёмства з гісторыяй палаца і жыццём княжацкага роду Радзівілаў, якія жылі там да пачатку Другой сусветнай вайны, мы наведалі Стары парк, дзе прыемна ў спякотны дзень пагуляць ў прахалодзе. Юныя турысты ўбачылі скульптурныя кампазіцыі, алею выбітных асоб, якія ўнеслі значны ўклад у жыццё Нясвіжа ў розныя часы, а сёння памяць аб іх увекавечана ў бюстах.
Міма касцёла Божага Цела, пабудаванага ў стылі барока ў 1587-1593 гадах, дзе сёння знаходзіцца крыпта княжацкага роду Радзівілаў, не пройдзе ніводны турыст. Васьмікласнікі таксама наведалі велічны храм. А недалёка ад касцёла, у скверы, у 1982 годзе ўстаноўлены помнік Сымону Буднаму, каб нагадаць усім гасцям горада, што менавіта ў Нясвіжы беларускі асветнік займаўся выдавецкай дзейнасцю. З яго ўдзелам у XVI стагоддзі была заснавана тыпаграфія, дзе выйшла першая на беларускіх землях кніга “Катэхізіс” у форме пытанняў і адказаў.
Наступным аб’ектам знаёмства стаў будынак нясвіжскай ратушы. Гэта, як даведаліся школьнікі, адна са старажытных ратуш Беларусі, якая адлічвае сваю гісторыю з 1596 года. Сёння, пасля рэстаўрацыі помніка архітэктуры, які таксама ўваходзіць у спіс аб’ектаў нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, тут знаходзіцца музей “Гарадское самакіраванне Нясвіжа XVIII – першай паловы XIX стагоддзяў”. Вежу ўпрыгожваюць гарадскія часы, а вакол размясціліся гандлёвыя рады.
Не менш цікавым для дзяцей стала знаёмства з гарадской Слуцкай брамай, помнікам барока. Гэта адзіная сёння з пяці брам, якая захавалася да нашага часу. Узведзеная яшчэ ў XVI стагоддзі, сёння Слуцкая брама нам нагадвае і дапамагае ўявіць той далёкі час, калі вакол Нясвіжа дзейнічалі абарончыя ўмацаванні.
Вяртаючыся ад брамы ў цэнтр горада, мы зазірнулі ў невялікі сквер каля фантану. Нашу ўвагу прыцягнуў цар жывёл – леў, які горда ўзнёсся на п’едэстале і адною лапаю трымае герб Нясвіжа. Знізу на мемарыяльнай шыльдзе размешчаны запісы аб значных падзеях у гістарычным развіцці горада. Леў – сімвал мужнасці. Гэтая ж жывёла сустракаецца і на гербе нашага горада. Прыгледзеўшыся да выявы, мы быццам бы ў думках адразу перамясціліся ў Ліду. Але гэта толькі ў думках. На справе дарога ад Нясвіжа да Ліды была наперадзе.
Час ў дарозе праляцеў вельмі хутка, гэтаму дапамаглі незабыўныя ўражанні, новыя веды, якія сталі добрым пачаткам летніх канікул. Упэўнена, што вучні здзейсняць за лета не адно падарожжа па Беларусі. Наша краіна вельмі багата на гісторыка-культурныя аб’екты, помнікі архітэктуры і археалогіі. Лета наперадзе! Трэба правесці яго з карысцю для сябе і сваіх родных!
Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8 “Б” класа
сярэдняй школы № 11 Ліды