Выхаванню культуры бяспечнай жыццядзейнасці быў прысвечаны прыпынак на станцыі «Бяспечная» у летнім аздараўленчым лагеры сярэдняй школы № 1 Смаргоні «Школьны экспрэс». На працягу чатырох дзён хлопчыкі і дзяўчынкі былі ўцягнутыя ў разнастайныя прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні надзвычайных сітуацый і ахове жыцця дзяцей у летні перыяд.
У пачатку шляху дзеці абагульнілі веды па тэхніцы бяспекі і аформілі насценгазеты «Калаж бяспекі». Рубрыкі «Я ў лесе», «У возера», «Бяспечная электрычнасць», «Сіла агню» і іншыя дазволяць дзецям быць у поўным узбраенні і выдатна правесці лета.
Тэму бяспечных паводзін працягнулі падчас экскурсіі «Прафесія – пажарны» на аварыйна-выратавальны пост № 11 Смаргоні. Школьнікам паказалі аварыйна-выратавальную тэхніку, падрабязна распавялі пра яе аснашчэнне, дазволілі пасядзець у пажарнай машыне і распавялі аб правілах паводзін пры надзвычайнай сітуацыі.
Гульнёвы практыкум «Незвычайнае падарожжа» уключаў цікавы конкурс «Калектыўнае дамалёўванне». Адзін з удзельнікаў пачынаў маляваць карцінку на тэму «Бяспечнае лета», далей па крузе выхаванцы дамалёўвалі кампазіцыю. Атрымаліся выдатныя плакаты па тэхніцы бяспекі.
У рамках рэспубліканскай акцыі «Канікулы без дыму і агню!» супрацоўнік МНС Н.С.Вайнілка правяла для выхаванцаў лагера занятак «Я – за бяспеку». Хлопчыкі і дзяўчынкі ўспомнілі асноўныя правілы супрацьпажарнай бяспекі, адказвалі на пытанні, вырашалі праблемныя сітуацыі. У падарунак атрымалі буклеты і памяткі па правілах бяспечных паводзін. Неверагодны эфект вырабіла пажарная машына, якая пад’ехала да тэрыторыі школьнага лагера і выпусціла велізарны фантан вады.
Правілам паводзін на дарозе была прысвечана дыдактычная гульня «Школа светлафорных навук». Конкурс «Збяры знак», бліц-апытанне па ПДР, стварэнне з падручных сродкаў лістоўкі-плаката, якая заклікае выконваць правілы дарожнага руху, дазволілі замацаваць у дзяцей веды асноўных законаў дарогі, а таксама запомніць некаторыя дарожныя знакі.
Падчас падарожжа дзеці засвоілі галоўнае правіла: лепшыя канікулы – гэта бяспечныя канікулы!
Таццяна ІСТРАЦЬКОВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Смаргоні