Ёсць у Любчанскай школе Навагрудскага раёна добрая традыцыя, якая не губляецца з часам – паход на прыроду пасля заканчэння навучальнага года. Гэта цудоўная магчымасць адпачыць, даведацца пра нешта новае, набыць прыемныя ўражанні.
Турызм заўсёды вабіць падлеткаў, таму што нефармальная абстаноўка, рамантыка і прыгоды заўсёды прыцягальныя. Мы з вучнямі вырашылі, што кожны год будзем адкрываць для сябе часцінку малой радзімы. Знайшлі карту раёна і адправіліся за новымі ўражаннямі ў вёску Дзяляцічы, што знаходзіцца за шэсць кіламетраў ад нашага пасёлка.
За час няблізкай дарогі мае выхаванцы даведаліся, што Дзяляцічы – адно з самых старажытных паселішч раёна, што знаходзілася яно спачатку ва ўладанні знакамітага князя Вітаўта, а з XVII стагоддзя належала Радзівілам і мела статус мястэчка. З цікавасцю паслухалі і аповед мясцовага жыхара пра паходжанне назвы вёскі, наведалі мясцовую славутасць – царкву Уздзвіжання Святога Крыжа.
Вядома, як і ў сапраўдным паходзе, не абышлося без сумеснага абеду, прыгатаванага на вогнішчы, гульні ў мяч, твістару і даганялак.
Усім спадабалася на прыродзе: дзеці былі задаволеныя, што змаглі сабрацца ўсім класам па-за сценамі школы, добра адпачылі, пазагаралі, атрымалі шмат новых уражанняў. А я радавалася, што паход гэты паспрыяў згуртаванасці класнага калектыву і дапамог зразумець, што такое сапраўднае сяброўства.
Валянціна ВЕЕЎНІК,
класны кіраўнік 6-га класа
Любчанскай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна