У лагеры працы і адпачынку “Парастак” Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна цікава праходзіць кожны дзень.
Як пасуюць дзяўчынкам сінія-сінія валошкі! А яшчэ ім да твару пяшчотныя пялёсткі макаў. Хлопчыкі сабралі ў вялікія букеты зялёныя сцяблінкі збожжавых…
Сёння ў лагеры працы і адпачынку “Парастак” Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна такі цудоўны дзень: у полі спакойна, толькі чуваць птушыныя спевы ды лёгкі подых ветрыку. Не хочацца парушаць цішыню, а поле – чаруе і закалыхвае марамі і мроямі, напэўна, пра каханне. А як жа іначай: лета, і табе ўсяго 14 ці 16 гадоў!
Шосты дзень у лагеры – дзень здароўя. Пасля працоўнага дня адпачываем з карысцю і маладым задорам. Тэматычныя выхаваўчыя мерапрыемствы – ток-шоу “Здорава здаровым быць!”, вечар адпачынку “Шкодным звычкам – не!”, футбол на школьным стадыёне – усё цікава, весела, пазнавальна.
Кожны выхаванец знайшоў сабе занятак па душы, тым больш, што побач вопытныя выхавальнікі Р.Я.Карабач і А.А.Самайловіч. Падчас такіх сустрэч праяўляюцца творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, пачынаецца новае сяброўства, выхоўваецца культура ўзаемазносін.
І няхай наша валошкавае лета надоўга запомніцца нясмелай усмешкай, лёгкім дотыкам рукі ці першым прызнаннем.
Марына СЯВЕЦ,
дырэктар лагера працы і адпачынку “Парастак”
Нягневіцкай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна