Колькі колераў у вясёлкі? Гэта ведаюць усе. А вось адказы на іншыя цікавыя пытанні рабяты атрымалі ў аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем для дзяцей і падлеткаў “Вясёлка”, які дзейнічае на базе сярэдняй школы № 2 Скідзеля.
У лагеры створаны ўсе ўмовы для ўмацавання здароўя вучняў праз разнастайныя віды дзейнасці: абавязковая ранішняя зарадка, хвілінкі здароўя “Вітамінкі”, гутаркі “Правілы здароўя”, рухомыя гульні.
Цікавасць у дзяцей выклікала мерапрыемства “Вада – крыніца жыцця”, дзе медыцынскі работнік Т.Г.Неўгень расказала пра функцыі вады ў арганізме чалавека і неабходнасць падтрымання воднага балансу. Выхаванцы зрабілі вывад, што вада – унікальная вадкасць, якая забяспечвае ўсе органы і клеткі пажыўнымі рэчывамі, мінераламі і вітамінамі.
Цікава праходзяць у лагеры дні здароўя. Рабяты з задавальненнем удзельнічаюць у вясёлых стартах, эстафетах і камандных спаборніцтвах. Таксама праводзіцца прафілактычная работа па папярэджванні шкодных звычак, фарміраванні ўстойлівых негатыўных адносін да табакакурэння, алкагалізму і наркаманіі.
Марына ДЗЕРБЫШ,
выхавальнік аздараўленчага лагера “Вясёлка”
сярэдняй школы № 2 Скідзеля