Магчымасць атрымаць першы вопыт прафесійнай дзейнасці, паспрабаваць сябе ў якасці нанятага рабочага, атрымаць першую зарплату прадастаўляецца навучэнцам сярэдняй школы № 3 Навагрудка. З 1 па 14 чэрвеня 10 дзяўчынак, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, былі задзейнічаны ў арганізацыі часовай працоўнай занятасці вучнёўскай моладзі ў вольны ад вучобы час.
Школьніцы шылі дзяржаўныя сцягі пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання Т.Б.Сладкоўскай, замацоўвалі ўменні, атрыманыя на вучэбных занятках.
Часовая працоўная занятасць была арганізавана ў цесным супрацоўніцтве з галоўным спецыялістам аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва.
Нанятыя на працу навучэнцы маюць усе правы, пазначаныя ў працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь. Так, згодна з заканадаўствам, з падлеткамі быў заключаны працоўны дагавор, у якім агавораны ўмовы прыёму на работу. Падлеткі азнаёміліся з правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, працоўнай інструкцыяй швачкі, інструкцыяй па ахове працы. Некаторыя з іх упершыню атрымалі працоўную кніжку. Да ўсяго іншага, работа ў такім лагеры вядзецца па скарочаным графіку. Так прыходзіць першае разуменне ролі дзяржавы ў абароне правоў і інтарэсаў працоўных.
“Такі від дзейнасці, лічыць Вераніка Жукоўская, навучэнка 9 “А” класа, – шмат у чым аказвае ўплыў на станаўленне асобы. Першы станоўчы вопыт працоўнай дзейнасці часцяком мае вырашальнае значэнне для ўсёй далейшай прафесійнай кар’еры чалавека. У той жа час, знаёмства з юрыдычным бокам дае магчымасць у будучыні пазбегнуць праблем пры працаўладкаванні”.
Галоўная задача часовай працоўнай занятасці вучнёўскай моладзі – адаптацыя падрастаючага пакалення да сучасных умоў працы, што ў цэлым садзейнічае вырашэнню сацыяльна-эканамічных задач грамадства, звязаных з размеркаваннем спецыялістаў на рынку працы.
Дар’я КАРАВАЙ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 3 Навагрудка