Супрацоўніцтва без межаў

- 0:16ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У Князеўскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях наладжана вельмі добрая пастаянная сувязь. Супрацоўнікі МНС даўно сталі сапраўднымі сябрамі для вучняў школы.

Стала добрай традыцыяй ладзіць карыснае супрацоўніцтва школьнікаў і ратавальнікаў. Толькі на працягу 2020/2021 навучальнага года было арганізавана некалькі сустрэч па розных кірунках. Двойчы ў год пад кантролем супрацоўнікаў РАНС праходзіць вучэбная эвакуацыя. Калектыў школы добра разумее, што адпрацаваныя навыкі па бяспечным знаходжанні ў школе будуць карыснымі ў любой пазаштатнай сітуацыі.

Спецыялісты не пакідаюць без увагі і прафарыентацыйны кірунак сустрэч. Пачынаючы з 7-га класа, яны да выпуску са школы цікавяцца тымі, хто мае намер выбраць прафесію ратавальніка, і арганізуюць іх суправаджэнне аж да залічэння ў спецыялізаваную навучальную ўстанову. Сёлета такое суправаджэнне арганізавана для выпускніка школы Аляксея Яскевіча. Дарэчы, на Зэльвеншчыне ў ратавальнай службе працуе некалькі выпускнікоў школы.

На працягу некалькіх гадоў у школе наладжана падпіска на часопіс “Юны ратавальнік”. Матэрыялы, надрукаваныя ў часопісе, выкарыстоўваюцца ў выхаваўчай і прафілактычнай рабоце з вучнямі. Таму нам вельмі прыемна, калі супрацоўнікі часопіса наведваюць Зэльвенскі раён і абавязкова сустракаюцца з вучнямі Князеўскай школы, ладзяць для іх віктарыны, конкурсы. Пасля такіх візітаў у школьнікаў застаюцца шматлікія падарункі. Гэты навучальны год – не выключэнне.

Дарэчы, трэба адзначыць, што вучні школы пад кіраўніцтвам настаўнікаў штогод прымаюць удзел у конкурсах, якія праводзяцца па лініі МНС і нярэдка становяцца іх прызёрамі і пераможцамі. У 2020/2021 навучальным годзе пад кіраўніцтвам настаўнікаў-дэфектолагаў Л.Р.Кашчыц і Г.Т.Сабуць Марта Карпей, Кацярына Каспярэц, Яўген Жук і Кірыл Руды сталі прызёрамі абласных этапаў конкурсаў “Букет бяспекі” і “Ратавальнікі вачамі дзяцей”.

У час летніх канікул ратавальнікі таксама частыя госці. Штогод у школе арганізуецца аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем. Сярод самых відовішчных мерапрыемстваў – сустрэча з ратавальнікамі. У першыя дні работы лагера “Вясёлка” у рамках акцыі “Канікулы без дыму і агню” на школьным стадыёне з баявым раскладам развярнулася звяно ратавальнай часці. Размясціўшы на бегавой дарожцы ўсю “сваю амуніцыю”, якая выкарыстоўваецца пры ліквідацыі пазаштатнай сітуацыі, ратавальнікі расказалі, а пасля прадэманстравалі, як ёю карыстаюцца. Кульмінацыяй сустрэчы стаў момант, калі ратавальнік забраўся па пажарнай лесвіцы на вышыню шматпавярховага дома і спусціўся на зямлю пры дапамозе прыстасаванняў для альпінізму. У завяршэнні сустрэчы ратавальнікі падарылі дзецям “фантан”, які выпусцілі з пажарнага рукава.

Уражанні ад сустрчэчы ў школьнікаў засталіся самыя прыемныя. Напрыклад, Антон Капыловіч, вучань 7-га класа сказаў так: “Гэта было здорава. Асабіста я вельмі хваляваўся, калі пажарны палез па лесвіцы ўверх. Баяўся, каб ён не ўпаў. Аднак у ратавальнікі ідуць служыць толькі смелыя людзі”. Баброўская Паліна, вучаніца 6-га класа, таксама рада сустрэчы з ратавальнікамі: “Сёння мне было вельмі цікава, калі нам надзелі каскі, далі падыхаць кіслародам, а пасля па нашай просьбе зрабілі фантан з вады, пад якім мы бегалі басанож”.

 

Вольга НАРУШ,
намеснік дырэктара
Князеўскай сярэдняй школы
Зэльвенскага раёна

 Фота Ганны Раўко

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий