У рамках тэматычнага тыдня “Мая Радзiма – Беларусь” у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Свіслачы адбылася гульня-падарожжа для дзяцей сярэдніх і старшых груп “Знаёмім госцю з Беларуссю”.
Да дашкалят “прыехала” госця з Афрыкі, якая падарожнічае па свеце і зараз вырашыла пазнаёміцца з нашай краінай. Пачалося вандраванне з прыпынку “Наша краіна – Рэспубліка Беларусь”. Тут дзецi пазнаёмілі госцю з назвай нашай краіны і яе сімволікай. У гульні “Складзі карцінку” дзеці хутка справіліся з заданнем і склалі з пазлаў сцяг і герб Беларусі. Гуляючы ў гульню з мячом “Я адпраўляюся ў падарожжа”, дашкаляты паказалі добрыя веды назваў гарадоў і вёсак нашай краіны. Знаёмячы госцю з палітычнай картай Беларусі, замацавалі веды пра вобласці і гарады рэспублікі. Выхаванка старшай групы Аляксандра Тарасевіч выканала песню “Беларусачка”.
На прыпынку “Беларусь спартыўная” дзеці ўспомнілі імёны вядомых ва ўсім свеце беларускіх спартсменаў, у тым лiку ўраджэнцаў Свiслаччыны, расказалі госці, што трэба рабіць, каб быць моцнымі і здаровымі. Разам правялі размінку “Вольна дыхаць на прасторы…”, паказалі спрыт і шпаркасць, пераадольваючы паласу перашкод.
Шмат цікавага даведалася госця з Афрыкі на прыпынку “Славутасці Беларусі”. Яе пазнаёмілі з Нацыянальнай бібліятэкай, Нясвіжскім замкам, Браслаўскімі азёрамі, Мірскім замкам, Брэсцкай крэпасцю і Белавежскай пушчай. У гульні “Я ведаю” дзеці паказалі сябе знаўцамі жывёл, птушак, дрэў і раслін нашых лясоў. Таксама выхаванцы добра справіліся з пытаннямі віктарыны “Знаўцы роднага краю”. З цікавасцю малыя гулялі ў беларускую гульню “Дудачка”. На памяць пра нашу краіну дашкаляты падарылі госці альбом “Рэспубліка Беларусь”, было зроблена агульнае фота на памяць. У заключэнне госця прапанавала станцаваць танец “Чунга-Чанга” і падзякавала за гасціннасць.
Ганна АНIСЬКА,
выхавальнiк дашкольнай адукацыi
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы