Летнія канікулы для дзяцей сярэдніх груп дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Карэліч арганізаваны весела і з максімальным выкарыстаннем летняга часу для ўмацавання здароўя і стварэння станоўчага настрою. З гэтай мэтай шырока выкарыстоўваюцца разнастайныя формы актыўнага адпачынку і музычныя забавы.
Надвор’е дазваляе часцей збірацца ўсім разам на свежым паветры. Так, выхаванцы сярэдніх груп актыўна ўдзельнічалі ў музычнай забаве “Маша на дарозе”. Разам з Машай і Мядзведзем дзеці ўспомнілі правілы паводзін на дарозе і сігналы святлафора, пагулялі ў гульні “Чырвоны. Жоўты. Зялёны”, “Мы – шафёры”, успомнілі дарожныя знакі. Забава суправаджалася вясёлай музыкай і песнямі. Музычны кіраўнік А.І.Жукоўская падрыхтавала з выхаванцамі песні “Лета” і “Цягнічок”, камунікатыўную музычную гульню “Вясёлы танец” і гульню-танец “Карагод сяброў”. У канцы мерапрыемства дзеці ўдзельнічалі ў віктарыне “Ведаю правілы дарожнага руху”. Пераможцы атрымалі размалёўку з дарожным знакам.
Развіццю ў дзяцей умення выкарыстоўваць рухальны вопыт ва ўмовах эмацыянальных зносін з аднагодкамі, пабуджэнню кожнага дзіцяці да максімальнага праяўлення сваіх здольнасцей садзейнічаў дзень здароўя “Спартыўнае лета”. У гэты раз да дзяцей завіталі клоуны Бом і Біма. Разам з вясёлым Бомам выхаванцы зрабілі размінку і пагулялі ў гульні “Якога колеру кубік?”, “Збярыся ў каманду”.
А калі на пляцоўку завітала Біма, то дзеці здівіліся, чаму яна прыйшла ў цёплым адзенні і сумная. Выхаванцы адразу далі ёй параду зняць лішняе адзенне і прапанавалі разам заняцца спортам. Біма актыўна ўключылася ў эстафеты “Каляровы сцяжок”, “Па купінках”, “Змейка”, “Пакладзі і збяры” , дзе кожны з дзяцей меў магчымасць свабодных зносін і дзеяння ў сваім тэмпе. Таму на стадыёне раздаваліся галасы падтрымкі кожнага з удзельнікаў і вясёлы смех. Закончыўся дзень здароўя камунікатыўным танцам “Мы – сябры”.
Летнюю работу ва ўстанове дашкольнай адукацыі прынята называць аздараўленчай. Таму і далей мы будзем максімальна выкарыстоўваць летні час для ўмацавання здароўя дзяцей і загартоўвання дзіцячага арганізму. Таму што лета – дзіўная пара.
Ірына АРЦЮХ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Карэліч