Рабілі ляльку-абярэг Жаданніцу і загадалі жаданне

- 14:30ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Ёсць у нашым горадзе ўтульны куток, куды прыходзіш і акунаешся ў сапраўды цудоўны свет. І гэты куток – Мастоўскі раённы цэнтр рамёстваў, куды мы, адпачываючы ў лагеры “Зямляне” з дзённым знаходжаннем, адправіліся на экскурсію.

Што яшчэ, як ні цуды, ствараюць майстры-рамеснікі сваімі рукамі?! Дзеці з захапленнем разглядалі вышыўку, ткацкія вырабы, а таксама вырабы з саломы, дрэва, лазы і керамікі. А яшчэ для хлопчыкаў і дзяўчынак быў арганізаваны майстар-клас па вырабе славянскай лялькі-абярэга Жаданніцы.

Дзеці акунуліся ў далёкае мінулае нашага народа. Ірына Фядзюк, майстар ручной вышыўкі, прадставіла для дзяцей сваю творчасць – лялек-абярэгаў. Яна расказала пра прызначэнне кожнай лялькі: Траўніцы, Падарожніцы, Дабрабыту, Шчасця. Ірына Вячаславаўна паказала дзецям славянскую ляльку-абярэг Жаданніцу, і ўсе прыступілі да творчасці. Падчас выканання творчай працы дзеці даведаліся пра цудоўныя уласцівасці гэтай лялькі. Ствараючы цуд сваімі рукамі, кожны з дзяцей думаў пра сваё самае патаемнае жаданне. Лялькі Жаданніцы атрымаліся ў дзяўчынак і хлопчыкаў вельмі цудоўнымі, яркімі і прыбранымі. Ірына Вячаславаўна па завяршэнні працы раскрыла юным майстрам сакрэт, як загадаць жаданне. З карзіны кожны з дзяцей выбраў падарунак для сваёй лялькі-абярэга і маленькі званочак, які будзе прыносіць добрую вестку пра тое, што загаданае жаданне спраўдзілася. Дзяўчынкі і хлопчыкі выйшлі з майстэрні з лялькамі ў чаканні цуду.

Ад душы хочацца дзецям пажадаць: няхай лялька-абярэг, як у казцы, ажыццявіць усе жаданні, і, прыцягваючы адвечнымі таямніцамі, напоўніць свет дабром і радасцю! Бо, калі задумацца, ствараючы гэтых, на першы погляд, простых лялек, мы ўкладваем у іх цяпло сваёй душы, дабро сваіх сэрцаў, і, можа быць, таму яны і прыносяць у жыццё людзей цуды. Запаветныя жаданні збываюцца!

 

Алена САЛАМАХА, 
музычны кіраўнік
гімназіі № 1 Мастоў

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий