У Доцішскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна ведаюць, як зрабіць адпачынак не толькі цікавым, але яшчэ і карысным. На базе школы сваю дзейнасць ажыццяўляў лагер працы і адпачынку “Мурашнік”.
14 старшакласнікаў змаглі не толькі адпачыць і аздаравіцца. Хлопцы і дзяўчаты аказвалі дапамогу КСУП “Доцішкі” у доглядзе за сельскагаспадарчымі культурамі, за што і атрымалі матэрыяльнае ўзнагароджанне.
У лагеры працы і адпачынку “Мурашнік” быў наладжаны правільны збалансаваны рэжым харчавання, рэжым загартоўвання, арганізаваны хвілінкі бяспекі і хвілінкі здароўя. На працягу работы лагера ў школе панавала радасная і бадзёрая атмасфера.
Выхаваўчая праца лагернай змены ажыццяўлялася праз разнастайныя формы работы: спартыўныя гульні, конкурсы, акцыі, заняткі з элементамі трэнінгу і інш. Вялікая ўвага надавалася экскурсійнай дзейнасці. Выхаванцы далучыліся да народных традыцый нашых продкаў у час наведвання музея “Тут Радзімы маёй пачатак” у аг. Пагародна, мелі магчымасць паназіраць за работай сваіх бацькоў, наведваючы механічны двор КСУП “Доцішкі”. Падлеткі ацанілі вартасць працы пагранічнікаў, бо сталі ўдзельнікамі экскурсіі на пагранзаставу “Доцішкі”. У спякотныя дні рабятам была прадстаўлена магчымасць адпачынку на возеры ў Воранава. Разнастайнасць мерапрыемстваў дала магчымасць падлеткам праявіць свае здольнасці, садзейнічала добраму настрою, згуртаванню калектыва.
Выхавальнікі лагера “Мурашнік” упэўненыя: маляўнічыя і яркія чэрвеньскія дні застануцца ў памяці рабят надоўга.
Юлія АНДРУКОНІС,
старэйшы выхавальнік лагера “Мурашнік”
Доцішскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна