Сцежкамі малой радзімы падарожнічаюць выхаванцы старэйшых груп ясляў-сада № 12 Навагрудка.
У кожнага з нас ёсць малая радзіма. Няма даражэй месца, чым тое, дзе ты нарадзіўся і вырас. Для мяне і маіх выхаванцаў – гэта наш родны горад Навагрудак. Нашы выхаванцы пазнаюць малую радзіму праз вывучэнне родных мясцін, дасягненняў землякоў, гістарычнага мінулага краю і яго сучаснага развіцця, нацыянальна-культурных традыцый і духоўных набыткаў продкаў.
З дзецьмі правялі шэраг мерапрыемстваў па знаёмстве з родным краем: заняткі, гутаркі, гульні, віктарыны, вандроўкі, розныя падарожжы і экскурсіі. Асабліва цікавай была экскурсія па славутых мясцінах Навагрудчыны. Выхавaнцы пазнаёміліся з Навагрудскім замкам, помнікамі Якубу Коласу, Невядомаму салдату, Адаму Міцкевічу, Рыцару, пабывалі на гары Міндоўга, на алеі ліхтароў.
Любоў дзяцей да роднага краю выхоўваем праз фальклорныя творы і мастацкую літаратуру, сюжэтна-ролевыя гульні “Сям’я” і “Беларуская хатка”, а таксама праз фальклорныя святы. У кутку “Беларуская хатка” дзеці знаёмяцца з мінулым краіны, абыгрываюць розныя сюжэты. Падчас конкурсу малюнкаў “Мой родны кут, мая замля” дзеці малявалі родны горад, свой дом, сваю вуліцу, любімыя кветкі, дрэвы, што растуць побач, дзіцячы сад, сяброў. Кожны выхад за тэрыторыю дзіцячага сада выклікае ў выхаванцаў вялікую радасць і эмацыянальны ўздым. Дзецям цікава наведаць незнаёмыя мясціны, атрымаць новыя веды, сабраць прыродны матэрыял і, зразумела, проста пагуляць на прыродзе.
Падарожнічаючы па родных сцежках, дзеці вучацца назіраць, мысліць, рабіць вывады. Развіць у выхаванцаў назіральнасць і дапытліваць дапамагае прыём “Скарбонка цікавых пытанняў”, якая папаўняецца дзіцячымі малюнкамі-пытаннямі і пусцее, калі знаходзяцца адказы.
У нашым дзіцячым садзе створаны ўсе неабходныя ўмовы, якія забяспечваюць рэалізацыю комплекснага падыходу ў рашэнні задач патрыятычнага выхавання: фарміраванне ведаў, пачуццяў, адносін і патрэб у дзейнасці, накіраванай на захаванне і памнажэнне багаццяў роднага краю.
Наталля ЖУЛІНСКАЯ,
выхавальнік ясляў-сада № 12 Навагрудка