Экалагічны праект у яслях-садзе

- 17:06ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

З мэтай выхавання асноў экалагічнай культуры і далучэння выхаванцаў да працоўнай дзейнасці ў яслях-садзе вёскі Беняконі Воранаўскага раёна рэалізуецца доўгатэрміновы экалагічны праект “Выгадую ўсё сам!”.  

У праекце прымаюць удзел выхаванцы розных узроставых груп, для якіх змест праекта быў распрацаваны з улікам патрабаванняў вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі для кожнага ўзросту.

Праект стартаваў у верасні 2020 года падчас актыўнага збору ўраджаю. Выхаванцы займаліся зборам агародніны са сваіх групавых агародаў, паралельна працуючы ў кветніках і атрымліваючы асалоду ад прыгажосці і разнастайнасці кветак.

У гэты час выхавальнікамі дашкольнай адукацыі перад дзецьмі старэйшага і сярэдняга дашкольнага ўзросту былі пастаўлены праблемныя задачы: “Як сабраць такі ж ураджай на сваіх гародах наступнай восенню?”, “Як упрыгожыць кветкамі свае пляцоўкі?”. Разам з дзецьмі было вырашана самастойна здабыць насенне з кветнікаў і сабранай гародніны, вырасціць і высадзіць неабходную расаду, пасеяць гародніну і кветкі. Была вылучана гіпотэза, што, калі правільна сабраць і захоўваць насенне, правільна даглядаць за расадай і раслінамі, ужо наступным летам мы зможам збіраць ураджай з агарода і любавацца прыгажосцю кветак на групавым участку.

Так дзеці актыўна ўключыліся ў збор насення кветак (аксаміткі, календула, хрызантэма, прымула, вяргіня і інш.) і гародніны (шынкі, памідоры, агуркі і інш.), стараліся правільна сабраць іх, а на працягу года правільна захоўваць.

У асенне-зімовы перыяд у рамках акцыі выхаванцы ўсіх узроставых груп знаёміліся з разнастайнасцю расліннага свету, асаблівасцямі росту і развіцця розных відаў раслін. У канцы лютага дзеці старэйшага і сярэдняга дашкольнага ўзросту пачалі падрыхтоўку расады для наступнай высадкі ў агарод і кветнікі. У спецыяльныя ёмістасці садзілі насенне памідораў, капусты, перцаў.

Даглядалі за раслінамі па спецыяльна створаных схемах, а дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту вялі дзённікі назірання за ростам гародніны. У рамках праекта “Выгадую усё сам!” у сакавіку 2021 года прайшла акцыя “Кветка для маці”, дзе дзеці яшчэ раз пазнаёміліся з разнастайнасцю кветкавых раслін, кожны ўдзельнік змог пасадзіць сваю кветку, вырасціць і высадзіць расаду, даглядаць за раслінай, а ў канцы падарыць яе сваёй маці.

Увесну 2021 года пачалася актыўная праца ў кветніках і гародах, да якой падключыліся дзеці малодшага дашкольнага ўзросту. Падрыхтоўвалі глебу, высаджвалі расаду, сеялі насенне. Затым пачалася карпатлівая праца па доглядзе за раслінамі кветнікаў і агародаў, для рэалізацыі, якой педагогамі былі распрацаваны схемы росту і развіцця раслін, схемы догляду для кожнай расліны. Зараз нашы выхаванцы прыступілі да збору свайго ўраджаю і з гонарам могуць сказаць, што выгадавалі ўсё самі!

Рэалізацыя праекта дапамагла сфарміраваць уяўленні дзяцей пра разнастайнасць расліннага свету, пра этапы росту і развіцця розных відаў раслін, на практыцы адпрацаваць і замацаваць працоўныя дзеянні па вырошчванні гародніны і кветак; выхоўваць любоў да расліннага свету і жаданне яго захоўваць.

 

Кацярына РУСІНОВІЧ,
намеснік загадчыка
ясляў-сада вёскі Беняконі Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий