У рамках Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, прысвечанай Году народнага адзінства, група вучняў восьмых класаў сярэдняй школы № 8 Ваўкавыска з польскай мовай навучання з карысцю праводзіць свае канікулы, падарожнічаючы па нашай роднай Беларусі.
Кожны чалавек павінен ведаць сваю краіну, і мы таксама вырашылі адкрыць для сябе найбольш таямнічыя куточкі нашай Радзімы. Склалі план экскурсій, зафіксаваўшы маршрут у “Дзённіку падарожніка”. Наведваючы аб’екты, мы зразумелі, наколькі шматгранная, прыгожая і цікавая наша краіна, як важна ведаць і шанаваць яе гісторыю і культуру. Нашым дэвізам сталі словы: “Вандруй, спазнавай, любі Родную Беларусь!”
Першае сваё падарожжа дзеці здзейснілі ў чэрвені, наведаўшы старадаўнія гарады Полацк і Віцебск. Падчас падарожжа па Полацку вучні пазнаёміліся з гісторыяй Спаса-Еўфрасінеўскага манастыра, наведалі адзіны ў Беларусі музей беларускага кнігадрукавання, які размешчаны ў будынку былой брацкай школы Полацкага Багаяўленскага манастыра, помнік архітэктуры XVIII стагоддзя, а таксама Сафійскі сабор – помнік архітэктуры XI–XVIII стагоддзяў, самую першую каменную пабудову на тэрыторыі Беларусі.
Сваё другое падарожжа мы здзейснілі па гістарычных мясцінах Брэстчыны. Наведалі Ружанскі палац – адзін з найбуйнейшых палацавых комплексаў Беларусі XVII–XVIII стагоддзяў, уласнасць i рэзідэнцыю князёў Сапегаў. Даведаліся шмат новага з жыцця старажытных дынастый Сапегаў і Пуслоўскіх, пра жыццёвы шлях і ваенныя перамогі вялікага сына беларускай зямлі, ураджэнца Беларусі і героя некалькіх краін Тадэвуша Касцюшкі. Маршрут быў насычаны архітэктурнымі, прыроднымі і гістарычнымі аб’ектамі, якія выхоўваюць павагу і любоў да роднай зямлі.
Сваё трэцяе падарожжа мы выбралі невыпадкова. Выдатны горад Гомель, другі па колькасці насельніцтва горад Беларусі, размешчаны на паўднёвым усходзе рэспублікі, на рацэ Сож. А побач, у горадзе Ветка, знаходзіцца адзіны ў рэспубліцы музей стараверства, які выклікаў у нас асаблівую цікавасць.
У першы дзень падарожжа хлопцы і дзяўчаты наведалі Гомельскі абласны музей ваеннай славы. Там яны даведаліся пра лёс Гомельшчыны падчас вайны, разгледзелі калекцыю агнястрэльнай і халоднай зброі, ваеннай амуніцыі афіцэраў і салдат, фотаздымкі і ўзнагароды. Падлеткі змаглі акунуцца ў страшныя падзеі часу ваеннага ліхалецця, пранікнуцца нягодамі людскіх лёсаў. Асаблівую цікавасць у навучэнцаў выклікала прадстаўленая на адкрытай пляцоўцы музея ваенная тэхніка – адна з самых вялікіх музейных калекцый Беларусі. Наведванне Гомельскага абласнога музея ваеннай славы ў душы кожнага пакінула глыбокі след.
Наша падарожжа працягнулася наведваннем Палацава-паркавага ансамбля Румянцавых-Паскевічаў – галоўнай славутасці Гомеля, шырока вядомай не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. У склад комплексу ўваходзіць старадаўні палац, Петрапаўлаўскі сабор, зімовы сад, аглядальная вежа, Капліца-пахавальня і гарадскі парк. Гісторыя гэтага ўнікальнага архітэктурнага ансамбля звязана з лёсамі вядомых людзей Расійскай імперыі – князямі Румянцавымі і Паскевічамі.
Наведваючы палац, пабывалі ў яго цэнтральнай частцы, якая з’яўляецца помнікам архітэктуры канца XVIII ст. Таксама захапіліся атмасферай белай гасцінай – трэцяга па велічыні памяшкання галоўнага корпуса палаца плошчай каля 120 метраў. Тут збіраліся госці і насельнікі палаца падчас урачыстых сустрэч і прыёмаў. Акрамя гэтага, пазнаёміліся з музейнай экспазіцыяй “Уладальнікі Гомельскага маёнтка Румянцавы і Паскевічы”. Размешчаныя на трох паверхах вежы экспанаты (карціны, скульптуры, мастацкая бронза, зброя, асабістыя рэчы) дазваляюць адлюстраваць гісторыю Гомеля, раскрыць ролю ўладальнікаў маёнтка ў стварэнні палацава-паркавага ансамбля і фарміраванні новага аблічча Гомеля. Навучэнцы разам з настаўнікамі наведалі не толькі палац, але і выдатны парк – помнік ландшафтнай архітэктуры XIX стагоддзя і батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Экскурсія пазнаёміла ўсіх з гісторыяй стварэння Гомельскага парку, архітэктурнымі збудаваннямі на яго тэрыторыі (сабор Святых Пятра і Паўла, зімовы сад, вежа агляду, капліца і пахавальня князёў Паскевічаў), рэдкімі і рэліктавымі насаджэннямі.
Таксама пабывалі на выставе “Свет прыроды” (у гроце палаца), разгледзелі пудзілы жывёл і птушак Гомельскага краю, а таксама калекцыю каралаў, рэдкіх ракавін, марскіх арганізмаў і многае іншае.
Другі дзень нашага падарожжа выдаўся яркім і насычаным. Вучні наведалі Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Г.Шклярава. Падчас экскурсіі пазнаёміліся з экспазіцыямі музея, у якім налічваецца больш за 12 000 унікальных экспанатаў, размешчаных у 11 залах трохпавярховага будынка. Экскурсія па музеі выклікала ў навучэнцаў вялікую цікавасць. Кожны з залаў музея распавядаў пра гісторыю жыцця старавераў, побыт, рамесніцтва сем’яў, якія пражывалі ў горадзе Ветка і яго раёне. Увазе навучэнцаў былі прапанаваны старадаўнія абразы, прадметы побыту, дэкараваныя рукапісы, ручнікі. Прыцягнула ўвагу і народнае ткацтва. Асаблівую цікавасць выклікалі калекцыі касцюма, узоры драўлянага разьбярскага дэкору дамоў. Кожны прадмет, твор традыцыйнай культуры, або, як цяпер прынята называць, артэфакт – не толькі факт мастацтва, але і натхненне для кожнага наведвальніка.
Экскурсія атрымалася вельмі цікавай і пазнавальнай, зрабіла велізарнае ўражанне на ўсіх удзельнікаў. Вяртаючыся дадому, хлопцы і дзяўчаты абмяркоўвалі план будучай сваёй экскурсіі ў Магілёўскую вобласць. Лета яшчэ не скончылася, рэшту яго трэба правесці з карысцю, каб атрымаць новы багаж ведаў і ўражанняў.
Алена ЯНУШКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 8 Ваўкавыска
з польскай мовай навучання