Каля 900 удзельнікаў аб’яднала ў Магілёве традыцыйная абласная жнівеньская канферэнцыя. Акрамя прадстаўнікоў педагагічных калектываў, на пасяджэнні прысутнічалі таксама намеснікі старшыняў, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў па адукацыі рай- і гарвыканкамаў, кіраўнікі адукацыйных устаноў рэгіёна. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі міністр адукацыі Ігар Карпенка, старшыня аблвыканкама Леанід Заяц, памочнік Прэзідэнта — галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк і іншыя.
Сёлета канферэнцыя праходзіла пад назвай “Прыярытэтныя напрамкі сістэмы адукацыі Магілёўшчыны – выхаванне і развіццё асобы”. Таму важнасць выхавання парастаючага пакалення, павышэння якасці адукацыі на розных узроўнях стала лейтматывам і падчас работы тэматычных секцый, і ў ходзе пленарнага пасяджэння. У выступленнях дакладчыкаў былі агучаны справаздача аб дасягнутых выніках сістэмы адукацыі рэгіёна, абмеркаваны наяўныя праблемы і перспектывы яе далейшага развіцця.
Дарэчы, развіццю сферы адукацыі на Магілёўшчыне надаецца першачарговае значэнне. Прымаюцца ўсе неабходныя меры для таго, каб сістэма адукацыі адказвала самым сучасным патрабаванням. У навучальных установах створана належная матэрыяльна-тэхнічная база, хапае кваліфікаваных педагагічных кадраў,
Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэя Заблоцкага, адна з галоўных задач — далейшае паляпшэнне ўмоў для навучання дзяцей. І яна мэтанакіравана вырашаецца.
— Першага верасня ўрачыста адкрыецца новая сярэдняя школа ў Бабруйску. Пасля капітальнага рамонту навучэнцаў прымуць сярэднія школы ў Клімавічах, Слаўгарадзе, аграгарадку Лапацічы Слаўгарадскага раёна, аграгарадку Аўсянка Горацкага раёна. Акрамя таго, да канца года свае дзверы адкрыюць новыя дзіцячыя сады ў Магілёве, Бабруйску і Шклове, — адзначыў Андрэй Барысавіч.
Кіраўнік адукацыйнай галіны вобласці пазначыў, што ў цэлым летась навучальныя ўстановы функцыянавалі плённа.
— Па выніках мінулага навучальнага года 69% школьнікаў прадэманстравалі высокі і дастатковы ўзроўні ведаў. Сярэдні бал атэстата 8,5 балаў і больш маюць 35% выпускнікоў школ. Істотна павялічылася колькасць медалістаў і навучэнцаў, якім былі ўручаны пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай. Атэстаты асобага ўзору з узнагароджаннем залатымі або срэбнымі медалямі атрымалі 394 выпускніка 11-х класаў, пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай уручылі 513 выпускнікам 9-х класаў. Вынікі сёлетняга цэнтралізаванага тэсціравання паказалі, што ўзровень адукацыйнай падрыхтоўкі вучняў павысіўся па 9 з 14 вучэбных прадметаў. 100-бальны вынік на ЦТ атрымаў 21 выпускнік, — паведаміў Андрэй Заблоцкі.
Паводле яго слоў, стабільна на высокім узроўні на працягу апошніх гадоў магілёўскія навучэнцы выступаюць на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У гэтым годзе каманда вобласці заваявала 81 дыплом. Лідарам у алімпіядным рэйтынгу з’яўляецца Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 3. Адметна, што выпускнік гэтага ліцэя Палхоўскі Леанід удастоены бронзавага медаля па выніках удзелу ў Еўрапейскай геаграфічнай алімпіядзе.
— У заключным этапе рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару прадстаўнікі магілёўскіх школ атрымалі 22 дыпломы. Планамерная работа ажыццяўляецца навучальнымі ўстановамі і па развіцці фізічнага выхавання вучнёўскай моладзі. Магілёўшчына стабільна паказвае высокі вынік у штогадовай рэспубліканскай спартакіядзе. Значна, што абласны выканаўчы камітэт надае асаблівую ўвагу сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і настаўнікаў. На іх заахвочванне спецыяльнымі прэміямі аблвыканкама сёлета накіравана 76 тысяч рублёў. Хацелася б падкрэсліць, што высокія паказчыкі вучэбнай, алімпіяднай, даследчай дзейнасці навучэнцаў — значныя. Аднак якасць адукацыі павінна ацэньвацца не толькі гэтым, але і ступенню сфарміраванасці асобасных якасцей і ўзроўню сацыялізацыі вучняў. Прыярытэтная задача школы — выхаванне годнага грамадзяніна сваёй Радзімы. І тут многае залежыць ад асобы, характару, кампетэнтнасці і прафесіяналізму педагога. Сучасны настаўнік павінен адрознівацца канструктыўнасцю, валодаць развітым пачуццём адказнасці за лёс дзяцей і краіны ў цэлым. Толькі патрыёт можа выхаваць патрыёта сваім асабістым прыкладам, — зааўважыў Андрэй Барысавіч.
Пра тое, што выхаванню ў цэлым і грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню ў прыватнасці ў сучасных рэаліях неабходна надаваць асабліва пільную ўвагу, гаварылася падчас пасяджэння яшчэ неаднойчы. Але ўзмацненне выхаваўчай работы і ролі навучальнай установы ў выхаванні падрастаючага пакалення — толькі адзін з шэрагу напрамкаў, на якія педагогам трэба звярнуць пільную ўвагу. Больш падрабязна пра тое, якая перазагрузка чакае адукцыю ў бліжэйшы час расказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Па яго словах, на нядаўнім рэспубліканскім педсавеце абмяркоўваўся шэраг важных дакументаў. У першую чаргу – гэта Канцэпццыя развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года. У ёй дадзены аналіз міжнароднага вопыту, які ўлічваецца пры фарміраванні шляхоў развіцця беларускай сістэмы адукацыі. Падрабязна разглядалася таксама новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, новыя правілы паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Яны, дарэчы, фарміраваліся не самі па сабе, а з улікам новых падыходаў да атэстацыі школьнікаў. Вялося абмеркаванне і запланаваных навацый: фарміравання дзяржаўнага адукацыйнага стандарту, увядзення ў школах пасады кіраўніка ваенна-патрыятычнага выхавання, стымулявання работы класных кіраўнікоў і іншых.
— Зараз ідзе пераасэнсаванне педагогамі тых рэчаў, якія абмяркоўваліся на рэспубліканскім педсавеце. Ужо ў рэгіёнах мы ўспамінаем тыя пасылы, якія былі зробленыя кіраўніком дзяржавы, якія гучалі ў выступах удзельнікаў. Але сёння відавочна адно: педагагічная грамадскасць у сваёй большасці пазітыўна ўспрыняла вынікі рэспубліканскага педсавета і агучаныя там ідэі. Цяпер трэба яшчэ раз усім разам паглядзець на гэтыя арыенціры, па якіх мы будзем працаваць у далейшым. Несумненна, на першы план сёння выходзяць пытанні якасці адукацыі. Яна павінна адпавядаць патрэбам асобы, дзяржавы, грамадства. Але навучанне не павінна зводзіцца толькі да перадачы пэўных ведаў. Калі мы напоўнім нашы планы, праграмы, падручнікі душой, то асновай адукацыйнага працэсу стане выхаванне, сацыялізацыя, фарміраванне асобы і светапогляду вучня. Таму неабходна агульнымі намаганнямі працаваць на карысць нашых дзяцей, на рэалізацыю тых прагрэсіўных ідэй, якія мы разам закладваем у развіццё нашай сістэмы адукацыі, — матываваў педагагічную грамадскасць Ігар Васільевіч.
На тое, што задача сучаснай школы не толькі даваць дзецям веды, але і выхоўваць, звярнуў увагу настаўніцтва і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц.
— Неабходна з ранняга ўзросту прывіваць дзецям гонар за Беларусь, за мінулае і сучаснасць свайго народа. Выхаванне павінна ісці як з боку бацькоў, так і з боку педагогаў. Менавіта партнёрства школы і сям’і — залог паспяховай падрыхтоўкі дзяцей да дарослага жыцця. Бо мэта агульная — выхаваць годных людзей. Вельмі важна даць маладому пакаленню такія арыенціры, якія дапамогуць кожнаму стаць сапраўдным патрыётам і грамадзянінам, — падкрэсліў Леанід Канстанцінавіч.
Працягам канферэнцыі пасля выступленняў і абмеркаванняў стала цырымонія ўзнагароджання педагогаў вобласці. Павага і прызнанне добрасумленнай працы з’яўляецца добрым стымулам, таму ніхто з тых, што плённа папрацавалі, не застаўся без увагі. Завяршальнай жа нотай жнівеньскай канферэнцыі стала прыняцце рэзалюцыі, рэалізацыя пастаўленых задач якой будзе спрыяць асобаснаму росту навучэнцаў, выхаванцаў і педагогаў, а таксама эфектыўнаму развіццю ўстаноў адукацыі рэгіёна.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара