Прыгоды дашкольнікаў і Карлсана на метэапляцоўцы  

- 21:48ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

З мэтай павышэння экалагічнай культуры дзяцей дашкольнага ўзросту ў яслях-садзе № 2 Свіслачы была абсталявана метэаралагічная пляцоўка.

“Куды плывуць аблокі?”, “Якое сёння надвор’е?”, “Куды дзьме ветрык?” – адказы на гэтыя і іншыя пытанні нашым выхаванцам дапамагае атрымаць метэаралагічная пляцоўка. Кожны дзень сюды прыходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія з цікавасцю назіраюць за прыроднымі з’явамі.

Здзіўленне дзяцей было бязмежным, калі 12 верасня на метэапляцоўку завітаў Карлсан. Выхаванцы сярэдняй группы № 10 з задавальненнем расказвалі госцю пра свае назіранні за надвор’ем. Разам з Карлсанам дашкаляты лавілі аблокі і вызначалі іх від, выкарыстоўваючы прыстасаванне “Лавец аблокаў”.

Хлопчыкі і дзяўчынкі называлі народныя прыметы пра надвор’е, адгадвалі загадкі пра з’явы прыроды, а таксама навучылі Карлсана адзначаць надвор’е і поры года на візуалізатары надвор’я.

Незвычайны госць расказаў дзецям пра свой прапелер і маторы, якія дапамагаюць яму лётаць. А выхаванцы дзіцячага сада паказалі ветракі і паветраны рукаў, з дапамогай якіх можна вызначаць наяўнасць і сілу ветра.

Увагу казачнага героя прыцягнула незвычайная хатка – метэаралагічная будка, у якой знаходзіўся тэрмометр. Дзеці расказалі, што гэты прыбор дапамагае вызначаць тэмпературу паветра, а таксама падкажа, як апранацца ў дзіцячы сад. А яшчэ дашкаляты паведамілі Карлсану, што надвор’е можна вызначаць з дапамогай шышак – пры вільгаці яны закрываюць лускавінкі, а пры сухім надвор’і адкрываюць. Для вызначэння колькасці ападкаў на метэапляцоўцы створаны “Ападкамер”.

Незвычайны сонечны гадзіннік таксама не застаўся без увагі кніжнага героя. Казачны госць расказаў дзецям, што можна карыстацца пясчанымі, воднымі, кветкавымі гадзіннікамі.

Дзеці вельмі любяць атрымліваць падарункі. Вось і Карлсан прыйшоў не з пустымі рукамі. Для фіксацыі штодзенных назіранняў за надвор’ем дзеці атрымалі дзённікі прыроды.

Падзякаваўшы за цікава праведзены час, Карлсан развітаўся і паабяцаў у хуткім часе наведаць нашых выхаванцаў. А мы разам з дзецьмі будзем чакаць новых цікавых сустрэч на нашай метэаралагічнай пляцоўцы.

 

Вольга КРЫШТОФІК,
выхавальнік ясляў-сада № 2 Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий