16 верасня ў сярэдняй школе № 1 Смаргоні прайшоў квест-круіз “Беларусь – краіна адзінства!”, прысвечаны Дню народнага адзінства, які сёлета мы святкуем упершыню.
Беларусь заўсёды славілася добрымі традыцыямі, паважлівымі адносінамі паміж людзьмі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Падчас гульні юнакі і дзяўчаты змаглі раскрыць паняцці “адзінства”, “радзіма”, “сяброўства”, успомніць прыродную і гісторыка-культурную спадчыну беларускага народа. На мерапрыемстве выкарыстоўваліся дзяржаўная сімволіка, карта Беларусі, прэзентацыя “Падарожжа па Беларусі”, якія дапамаглі візуалізаваць інфармацыю і зрабіць гульню больш цікавай.
У першым туры былі зашыфраваныя словы-сімвалы Беларусі: зубр, бусел, Белавежская пушча, Брэсцкая крэпасць, “Славянскі базар”. Другі тур быў прысвечаны дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь, а ў трэцім навучэнцы ўспаміналі культурныя аб’екты краіны.
Справіўшыся з усімі заданнямі, удзельнікі змаглі разгадаць зашыфраваную фразу: “У адзінстве народа – сіла незалежнай дзяржавы!”
Гульня прайшла ў атмасферы зацікаўленасці, дыялогу, шчырасці і адкрытасці.
Таццяна ІСТРАЦЬКОВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Смаргоні