Сустрэча са Станіславам Антонавічам Шалкевічам, былым педагогам і вялікім аматарам спорту, адбылася ў Поразаўскай сярэдняй школе Свіслацкага раёна.
Тыдзень спорту і здароўя, які праводзіцца ў верасні ў нашай краіне, – добрая нагода не толькі правесці розныя спартыўныя святы, спаборніцтвы, гэта яшчэ цудоўны час для цікавых сустрэч са спартсменамі ці з людзьмі, якія звязалі сваё жыццё са спортам. Менавіта такім чалавекам з’яўляецца Станіслаў Антонавіч Шалкевіч, ветэран педагагічнай працы, які больш за 40 гадоў працаваў настаўнікам фізічнай культуры ў Поразаўскай сярэдняй школе.
Сустрэча з былым педагогам, вялікім аматарам спорту, нядаўна адбылася ў нашай школе. Навучэнцы не толькі слухалі выступленне госця, але і задавалі шмат пытанняў. Яны даведаліся, што Станіслаў Антонавіч быў неаднаразовым удзельнікам і пераможцам спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, спартыўнай гімнастыцы. Любоў да спорту ён прывіваў і сваім вучням, якія не раз станавіліся пераможцамі і прызёрамі спаборніцтваў рознага ўзроўню.
Адметна тое, што Станіслаў Антонавіч з’яўляецца першым трэнерам алімпійскай чэмпіёнкі, нашай зямлячкі Яніны Карольчык. Менавіта ён адным з першых заўважыў здольную дзяўчынку і паспрыяў далейшаму яе развіццю, а затым і шляху ў вялікі спорт.
Былы педагог расказаў, як ужо з дзяцінства сам майстраваў розныя спартыўныя снарады для заняткаў фізічнымі практыкаваннямі. А затым, падчас працы настаўнікам, асабістым прыкладам заахвочваў сваіх навучэнцаў да заняткаў спортам.
Расказваючы пра спартыўныя дасягненні, Станіслаў Антонавіч прыгадаў, што не менш за спорт любіў музыку. Яркім пацвярджэннем гэтага з’яўляецца той факт, што ён быў кіраўніком духавога аркестра школы, сумяшчаючы гэта з асноўнай працай. Старэйшыя жыхары Поразава яшчэ і цяпер успамінаюць, як гучаў гэты аркестр падчас першамайскіх дэманстрацый, у Дзень Перамогі, кастрычніцкага свята.
Нягледзячы на паважаны ўзрост, былы педагог і зараз займае актыўную жыццёвую пазіцыю, ён заўсёды рад сустрэчы са школьнікамі, якія віншуюць педагога-ветэрана са святамі або прыходзяць проста пагутарыць.
Напрыканцы сустрэчы Станіслаў Антонавіч пажадаў навучэнцам поспехаў у вучобе і новых спартыўных дасягненняў.
Віктар БЕЛАВА,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
Поразаўскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна