Успаміны пра лета ў “Зялёным чамадане”  

- 13:58ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Вучні Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна прынялі ўдзел у рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны”. Яны падрыхтавалі цікавую даследчую работу пра малую радзіму па матэрыялах паходаў, у якіх пабывалі на летніх канікулах.

Пайсці ў паход… Прыцягвае сучасных школьнікаў такая перспектыва ці не? Аказалася, што навучэнцы 8–9-х класаў з вялікім задавальненнем памянялі камфорт на рамантыку пад адкрытым небам. Падчас летніх канікул школьнікі здзейснілі тры паходы: аднадзённы пешы, аднадзённы веласіпедны паход і двухдзённы пешы паход. Навучэнцы прайшлі маршрут агульнай працягласцю 57,8 кіламетра, пазнаёміліся з культурнымі і прыроднымі аб’ектамі, якія сустракаліся на шляху.

Абавязковым пунктам турыстычных паходаў было вывучэнне прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету з мэтай далейшага ўдзелу ў рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны”.

Вучаніцы Яна Багдзевіч, Паліна Мінгілевіч і Валерыя Бальцэвіч апрацавалі сабраныя падчас даследаванняў матэрыялы і аформілі іх у сапраўдны чамадан, паколькі выбраная імі намінацыя называлася “Зялёны чамадан”.

Работа складаецца з пяці асобных частак. У першай частцы дзяўчынкі апісалі свае маршруты, аформілі картаграфічны матэрыял, пазнаёмілі з культурнай спадчынай малой радзімы. У другой частцы змешчаны матэрыялы пра 13 прадстаўнікоў расліннага свету, якіх знайшлі і даследавалі падчас паходаў; сярод іх – расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: шалфей лугавы і сіняя пралеска. У трэцяй частцы вучаніцы зрабілі апісанне прадстаўнікоў жывёльнага свету, якія сустрэліся ім у час паходаў: вавёрка, крыжанка звычайная, лебедзі. Чацвёртую частку складаюць фотаматэрыялы паходаў, а ў пятую ўвайшлі дыдактычныя матэрыялы: беларускія народныя рухомыя гульні, гульня-падарожжа пра наваколле вёскі Салтанішкі, віктарына, конкурсная праграма, літаратурная гадзіна.

Дзяўчынкі былі ў паходах у чэрвені, апрацоўвалі свае матэрыялы ў жніўні, а ў верасні даведаліся пра першае месца на раённым этапе рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны”. Цяпер яны з нецярпеннем чакаюць вынікаў абласнога этапа акцыі.

Такім чынам, лета дало дзецям выдатную магчымасць замяніць звычайныя рэчы на нешта новае і невядомае – тое, што праз некалькі месяцаў будзе адгукацца ў душы цёплымі ўспамінамі пра мінулае лета.

 

Алена МІКША,
дырэктар Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий