Вандроўка сыраваткінскіх школьнікаў  

- 14:03ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

У мінулыя выхадныя вучні Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы Смаргонскага раёна пабывалі ў Цэнтральным батанічным садзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Мінску, каб бліжэй пазнаёміцца з разнастайным раслінным светам.

Набыўшы ўваходныя квіткі, мы сустрэліся з экскурсаводам Ірынай, якая пазнаёміла са структурай сада, расказала, якія расліны, дрэвы і кустарнікі можна ўбачыць у гэтым цудоўным месцы, а іх тут налічваецца больш як 15 тысяч. І вось разам з экскурсаводам па алеі з ясеня пенсільванскага мы направіліся ў экспазіцыйную аранжарэю.

На вуліцы накрапваў дождж, дзьмуў халаднаваты восеньскі вецер, пад нагамі шапацела апаўшае жоўтае лісце… Адчыніўшы дзверы аранжарэі, мы нібы перанесліся ў часе і апынуліся ў цудоўным захапляючым свеце тропікаў. У светлым памяшканні гучала прыемная музыка, весела шчабяталі папугаі, віліся цудоўныя ліяны. Падчас экскурсіі мы знаёміліся з незвычайнымі і дзівоснымі раслінамі пустынь, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, Аўстраліі і іншых краін, з раслінамі саван і мусонных лясоў. З цікавасцю слухалі аповед пра карамболу і незвычайны лімон з назвай Рука Будды. Уразіў сваімі прыгожымі і вельмі вялікімі лістамі банан і трапічная насякомандная расліна-драпежнік ліяна непентэс. З вялікім задавальненнем і дзеці, і дарослыя назіралі за рознакаляровымі рыбкамі і прыгожымі чарапахамі. А вясёлыя папугаі нават пазіравалі, калі іх фатаграфавалі.

Атрымаўшы зарад добрага настрою і папоўніўшы багаж ведаў, мы прайшліся па цэнтральных алеях батанічнага сада, палюбаваліся навакольнымі відамі і адчулі сябе неад’емнай часткай прыроды.

 

Людміла РАМАНОЎСКАЯ,
настаўнік
Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий