З народным святам Багач пазнаёміліся выхаванцы сярэдняй беларускамоўнай групы ясляў-сада г.п. Мір, наведаўшыся ў госці да Гаспадыні ў сялянскую хатку.
Багач – старажытнае свята ўраджаю, прымеркаванае да восеньскага раўнадзення 22 верасня. У гэты час падыходзілі да завяршэння ўсе палявыя работы. У народзе казалі: “Багач заткнуў у страху рагач”.
Выхавальнік дашкольнай адукацыі Л.І.Нарбутовіч растлумачыла дзецям, адкуль пайшла назва свята, якія трацыцыйныя абрадавыя дзеянні праводзіліся сялянамі ў гэты дзень. Гаспадыня прадэманстравала сам Багач – так у народзе называлі лубок з жытам, якое па жменьцы зносілі жыхары ўсёй вёскі. У сярэдзіну лубка ўстаўлялася запаленая свечка, а потым яго ў суправаджэнні ўсіх жыхароў неслі па вёсцы, заклікаючы ў кожную хату дабрабыт і сямейны лад.
Беларускія народныя гульні з чароўнага куфэрка – “Міхасік”, “Вожык і мышы”, “Ліса і гусі” – вельмі спадабаліся дзецям. А якое ж беларускае свята ўраджаю можа абыйсціся без бульбы?! З азартам хлопчыкі і дзяўчынкі спаборнічалі ў спрыце па зборы ўраджаю ўсляпую, падлічвалі бульбінкі, каб вызначыць, хто лепшы гаспадар.
З задавальненнем дзеці адгадвалі беларускія загадкі пра хатніх жывёл, птушак, гародніну, чыталі вершы пра ўраджай, спявалі, вадзілі карагод. А калі загучала вясёлая беларуская полечка, ногі і ў дарослых, і ў дзяцей самі пайшлі ў скокі!
Напрыканцы свята Гаспадыня пачаставала дзяцей смачнымі духмянымі пернікамі з новага ўраджаю і запрасіла ў госці на наступнае каляндарна-абрадавае свята – “Дажынкі”.
Святлана ПЕТРЫМАН,
намеснік загадчыка
ясляў-сада г.п. Мір Карэліцкага раёна