У яслях-садзе вёскі Пагародна Воранаўскага раёна працуе свая метэастанцыя. Туды дашкаляты адправіліся ў цікавае падарожжа з казачным героем Карлсанам. Юныя даследчыкі ператварыліся ў сапраўдных метэаролагаў.
Вясёлы Карлсан падрыхтаваў для дзяцей цікавыя загадкі, рухомыя і дыдактычныя гульні, даследчыя заданні і вясёлыя конкурсы.
Маленькія сіноптыкі пазнаёміліся з тэрмометрам, флюгерам, ветраным рукавом, сонечным гадзіннікам, прыродным гігрометрам, фарміравалі ўяўленні пра прызначэнне гэтых прыбораў і ўменне правільна карыстацца метэаралагічным абсталяваннем. Дзеці з задавальненнем выканалі ўсе заданні і дапамаглі Карлсану запоўніць дзённік назіранняў.
Выхаванцы з вялікім задавальненнем і актыўнасцю прымалі ўдзел у дыдактычных і рухомых гульнях “Палёт на паветраным шары”, “Злаві воблака”, “На што падобна воблака?”, “Скажы без слоў”, “Знайдзі і назаві прыметы восені”, “Калі гэта бывае?”, “Сонейка і дожджык”, “Дзень і ноч”.
На працягу ўсяго падарожжа панаваў смех, запал і выдатны настрой.
Вольга ШАДЗЮЛЬ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада в. Пагародна
Воранаўскага раёна