Вызначаны смаргонскія супербабулі

- 10:03ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Цікавая конкурсная праграма прайшла ў сярэдняй школе № 1 Смаргоні ў першыя выхадныя кастрычніка. Яна была прысвечана мілым, прыгожым, добрым жанчынам, якія носяць ганаровы тытул бабулі.

Конкурсная праграма “Супербабуля–2021” сабрала разам прадстаўнікоў старэйшага і малодшага пакаленняў – бабуль і ўнукаў.

За званне “Супербабуля–2021” змагаліся Аліна Зянонаўна Занковіч, бабуля Данііла Занковіча (2 “Б” клас), Гелена Тадэвушаўна Хадановіч, бабуля Макара Чарнушэвіча (1 “А”), Ганна Аляксандраўна Ахрамовіч, бабуля Паўла і Аляксея Лагуціных (1 “Б” і 5 “В”), Сусанна Яўгенаўна Грышчанка, бабуля Мікіты Грышчанкі (4 “Б”), Тэрэса Зянонаўна Урбановіч, бабуля Ігара і Мікіты Урбановічаў (1 “А” і 6 “Б”), Людміла Васільеўна Гружэўская, бабуля Яўгена Гружэўскага (5 “В”), Ірына Анатольеўна Шатраўская, бабуля Арцемія Вараб’ёва (5 “В”).

Вядома, назваць гэтых мілых удзельніц бабулямі складана, бо гэта актыўныя, творчыя, вясёлыя, крэатыўныя і таленавітыя маладыя жанчыны. У пачатку праграмы кожная ўдзельніца распавяла пра сябе, пра свае захапленні. Падчас танцавальнага конкурсу бабулі з лёгкасцю прадэманстравалі “Ламбаду” і “Макарэну”, танец качанят і танец маленькіх лебедзяў, а таксама смела праспявалі вясёлыя прыпеўкі. Нашы бабулі – майстэрскія кулінары, таму адгадаць крупы з завязанымі вачыма для іх было не складана. Не абыйшлося і без заданняў для ўнукаў, якія на хуткасць павінны былі “падаглядаць” за сваімі любімымі бабулямі.

Пераканацца, што нашы бабулі – таленавітыя рукадзельніцы, можна было, наведаўшы выставу “Бабулін куфар”, якая была арганізавана ў школе спецыяльна да гэтага мерапрыемства.

Па выніках конкурснай праграмы ўдзельніцам уручаны памятныя медалі “Супертанцор”, “Супермастачка”, “Суперкулінар”, “Супердабрыня” і “Суперусмешка”.

Выказваем вялікую падзяку ўсім удзельніцам за тое, што яны так сур’ёзна паставіліся да нашага жартоўнага конкурсу, і жадаем моцнага здароўя, даўгалецця і добрага настрою.

 

Таццяна ІСТРАЦЬКОВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий