7 кастрычніка ў Багданаўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Валожынскага раёна была праведзена ваенна-спартыўная гульня “Зарніца”, прымеркаваная да ХІ педагагічнага марафона “Адзінства, грамадзянскасць, патрыятызм – ключавы рэсурс адукацыі Міншчыны”. Мэта гульні – прывіццё любові да Беларусі, фарміраванне ў вучняў устойлівага жадання садзейнічаць росквіту краіны і імкнення абараняць у выпадку неабходнасці.
Галоўным камандуючым стаў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні І.Б.Гардынец. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дзве каманды: “Полымя” і “Арбалет”, якія аб’ядналі вучняў 8-х і 9-х класаў. Жаданне паўдзельнічаць праявілі не толькі юнакі, але і дзяўчаты. Пачатак быў традыцыйным: агульнае пастраенне, выступленне дырэктара ўстановы адукацыі М.І.Мароз, якая павіншавала ўдзельнікаў і пажадала вялікага зараду бадзёрасці. Камандзіры здалі рапарты, суддзі праверылі гатоўнасць кожнай каманды.
Гульня праходзіла вельмі дружна і арганізавана. Кожны з удзельнікаў разумеў, што, сапраўды, “адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго”. Праграма гульні прадугледжвала праходжанне этапаў, на якіх выконваліся розныя заданні. Першым выпрабаваннем стаў страявы агляд. Вучні паказалі высокі ўзровень страявой падрыхтоўкі. Правільныя і дакладныя каманды, маршыраванне, перастраенні характарызаваліся выразнымі і зладжанымі рухамі, якія не засталіся па-за ўвагай прысутных. Свае інтэлектуальныя здольнасці гульцы паказалі падчас пытанняў ваеннай тэматыкі, калі гучалі цікавыя і змястоўныя адказы. Удзельнікі кідалі гранату ва ўмоўны танк, стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі ў цэль, арыентаваліся на мясцовасці, аказвалі першую медыцынскую дапамогу, выконвалі фізічныя практыкаванні.
Усе этапы праходзілі ў напружанай барацьбе. Балельшчыкі пільна сачылі за ходам гульні, класныя кіраўнікі заўзята падтрымлівалі свае каманды і хваляваліся. Спартыўны запал і жаданне перамагчы захоплівалі гульцоў настолькі, што яны не заўважалі таго, што адбываецца вакол. Усе стараліся паказаць лепшы вынік. З нецярпеннем удзельнікі чакалі самага адказнага моманту – падвядзення вынікаў. Суддзям прыйшлося нялёгка: каманды настолькі добра выступалі, што вызначыць лепшых было вельмі цяжка. У выніку – нічыя. Каманды набралі роўную колькасць балаў.
Несумненна, “Зарніца” дала школьнікам масу станоўчых эмоцый і ўражанняў, магчымасць рэалізацыі індывідуальных навыкаў па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы, спрыяла выхаванню патрыятызму.
Алена ГАРДЫНЕЦ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Багданаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Валожынскага раёна