“Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш”, – гэтыя словы Якуба Коласа неаднойчы гучалі на класнай гадзіне, што нядаўна адбылася ў 7-м класе Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна. Ды і не дзіўна, бо навучэнцы вялі гаворку пра прафесіі.
Адметна, што ўдзельнікамі мерапрыемства сталі не толькі хлопчыкі і дзяўчынкі, але і прадстаўнікі класнага бацькоўскага камітэта. Суразмоўцы і кансультанты, Марына Валер’еўна Нелюбовіч, энергетык ВУ “Свіслацкая фабрыка лазовай мэблі” ААТ “Гроднапрамбуд”, і Юлія Раманаўна Агеец, бухгалтар ААТ “Фітэра”, актыўна дапамагалі школьнікам падчас выканання заданняў інтэрактыўнай гульні. Акрамя гэтага, падрабязна расказалі пра свае прафесіі, пра тое, як праходзяць іх працоўныя будні.
А яшчэ школьнікі пазнаёміліся з новымі прафесіямі, якія дастаткова актыўна ўваходзяць у наша жыццё. Сярод іх барыста, брокер, офіс-менеджэр, коўчар, фінансавы аналітык.
І няхай не ўсе навучэнцы вырашылі дакладна, з якой прафесіяй хацелі б звязаць свой лёс, яны засвоілі большае: самае важнае ў жыцці – быць чалавекам, незалежна ад роду дзейнасці. І няхай дзіцячыя мары здзейсняццца!
Марыя БЕЛАВА,
класны кіраўнік 7-га класа
Поразаўскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна